ПЕРАД ПАВОДКАЙ

Праясняецца пагода,

Бо вярнулася вясна.

Ўсё чакаеш, што прырода

Ўстрапянецца ада сна.

 

І пад птушы крык і гоман,

Даўшы хвалям вольны ход,

Прыпадыме бацька Нёман

На хрыбце магутны лёд.

 

Зазвіняць жалобна крыгі,

І бурлівая вада

Снег, размоклы ў час адлігі,

Змые з луга без сляда.

 

Дык разлійся жа раздольна

Ў чыстым полі і гаю

І красой паводкі вольнай

Душу выпрастай маю!