Ноч. Газніца гарыць, чырванее

Ноч. Газніца гарыць, чырванее,

І гарбата, астыўшы, стаіць.

За сцяной запявае завея,

Сумна бомамі ў полі звініць.

З краю ў край яе гул аддаецца,

І чагось усё думаю я,

Што з няволі зімовай там рвецца

Крэпка скутая снегам земля:

Грудзі моцныя цяжка ўздымае,

Ветрам вее, як дыхаць пачне,

Снег халодны ў палёх калыхае,

І вось-вось свае путы страхне.