Ціха па мяккай траве

Ціха па мяккай траве

Сінявокая ноч прахадзіла;

          Ціха з заснуўшых палян

 

Плыў у гару і знікаў,

Быццам дым сіневаты з кадзіла,

          Рэдкі правідны туман;

 

Неба ўсю глыб ажывіўшы,

Патроху праз цемнь выглядалі

          Зорак дрыжачых вянкі;

 

Конікі суха звінелі;

Шырэй разліваліся хвалі

          Цёмнай, люстранай ракі;

 

Пала раса; у палёх

Загарэліся пацеркі мілых

          Жоўта-чырвоных агнёў...

 

Час, калі трэба журыцца

Душою на свежых магілах

          Пуста пранёсшыхся днёў.