Прывет табе, жыццё на волі!

Оглянись — и мир вседневный

Многоцветен и чудесен.

А. Фет

 

Прывет табе, жыццё на волі!

Над галавой — дубоў павець,

Віднеюць неба, горы, поле

          Праз лісцяў сець.

Лахмоцці ценяў на палянах

Схаваўшы золата, ляжаць;

Яго слаі з-пад дзір парваных

          Аж зіхацяць.

А к ночы свой чырвоны веер

У небе сонца развярне,

І разварушаны ім вецер

          У даль памкне.

Калі жа пабляднее золак

І цёмнай зробіцца вада

Заззяе серабром іголак

          Зор грамада.

І роўна мілымі зрабіцца

Здалеюць яркі блеск і цень,

Той дзень, што мае нарадзіцца,

          І знікшы дзень.