ЗМЯІНЫ ЦАР

Ў цёмным небе — хараводы

Сіняватых зорак,

Ў цёмным небе свеціць месяц

Залатым сярпом...

Мы ўжо выйшлі з цесных, душных

Падзямельных норак,

На зімовы цёплы вырай

Цягнемся-паўзём.

 

Ў полі, ў лесе нам усюды

Праляглі дарожкі!

Йстужкай рушымся між пушчы,

На сам перад — я.

Зіхацяць маей кароны

Залатыя рожкі,

Цёмным блескам адлівае

Ўся луска мая.

Нам не трэба ні ад чога

Ноччу абароны:

А спаткаем чалавека,-

Порт рассцеле ён;

Залаты ражок яму

Я ўраню з кароны,

І па белай палатніне

Дальш мы папаўзём.