Выстаўка графікі “РЫСЫ ПАЭЗІІ”

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
ЛІТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА

Выстаўка графікі
“РЫСЫ ПАЭЗІІ”
(ілюстрацыі А.Пашкевіча, А.Лапіцкай, Г.Грака да твораў Максіма Багдановіча)


У год святкавання 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча Літаратурны музей М.Багдановіча запрашае на выстаўку з уласных фондаў. На ёй прадстаўлены цудоўныя графічныя творы Аляксандра Пашкевіча, Антаніны Лапіцкай і Генадзя Грака – ілюстрацыі да вершаў аднаго з самых любімых беларускіх паэтаў. Работы створаны ў 70-80-х гадах ХХ стагоддзя. У гэты час у беларускай кніжнай графіцы актыўна пашыраецца арсенал графічных сродкаў, якія выкарыстоўваюць мастакі. Больш актыўна сталі выкарыстоўвацца складаныя віды графікі: лінагравюра, афорт, літаграфія і г.д. – некаторыя з іх прадстаўлены на выстаўцы.
Найбольшы поспех беларускай кніжнай графікі ў 1980-я гады быў у афармленні паэтычных твораў. Ілюстраванне гэтага жанра літаратуры лічыцца адным з самых складаных у кніжнай графіцы. Пры афармленні паэтычнага твора часта проста немагчыма дэталізаваць сюжэт. Мастаку кнігі прыходзіцца дэманстраваць значную ступень вобразнага абагульнення, умець перадаваць мелодыку літаратурнай крыніцы графічнымі сродкамі. У паэзіі нельга ісці традыцыйным шляхам, ствараць апавядальныя кампазіцыі. Тут перавага аддаецца метафары, вобразным абагульненням. Мастакам А.Пашкевічу, А.Лапіцкай, Г.Граку выдатна ўдалося перадаць у сваіх творах лірычнасць, прыгажосць і філасафічнасць паэзіі Максіма Багдановіча.

Выстаўка будзе экспанавацца да 25 верасня.
Прэзентацыя адбудзецца 17 жніўня а 17-й гадзіне.

Адрас: вул. М.Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце)
Тэлефоны: 334-07-61, 334-42-69