Музей Максіма Багдановіча ў Гродне, Беларусь

         Музей Максіма Багдановіча ў Гродне адкрыты ў 1986 годзе (вул. 1-га Мая,10), як літаратурны аддзел Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, у доме, у якім жыла сям’я Багдановічаў.
         З 1 студзеня 1995 г. музей працуе як самастойная ўстанова культуры.
         Літаратурны аддзел быў размешчаны ў 4-х пакоях дома (плошча экспазіцыі 56м²). У гэтым доме з 1892 па 1896 гг. жыў беларускі паэт М.Багдановіч (у 1965 годзе на доме была ўсталявана мемарыяльная шыльда.) Экспазіцыя літаратурнага аддзела знаёміла з выглядам Гродна канца ХIХ – пач. ХХ стагоддзяў. Тут былі змешчаны сямейныя фотаздымкі і асабістыя рэчы паэта, прыжыццёвы зборнік паэта “Вянок” (1913г.), а таксама перавыдадзены ў больш позні перыяд. Другі раздзел быў прысвечаны наведванню М.Багдановічам Ракуцёўшчыны. Экспазіцыя знаёміла з дзейнасцю газеты “Наша Ніва” і выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца”. Таксама тут быў прадстаўлены мінскі перыяд жыцця і творчасці паэта і апошнія месяцы жыцця ў Ялце. У адным з пакояў быў узноўлены інтэр’ер кабінета– кватэры Багдановічаў.
        Пры наданні музею статусу самастойнай адзінкі культуры плошча экспазіцыі пашырылася – на сённяшні дзень яна складае 150 м². У экспазіцыйных залах і фондах 13.697 адзінак захавання, у тым ліку 10.827 – асноўнага фонду (на 25.09.2007г.).
Экспазіцыя мае залы: партрэтная галерэя знакамітых людзей; літаратурна-грамадскі рух канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзяў; гродзенскі перыяд жыцця сям’і Багдановічаў.
        Ёсць чатыры мемарыяльныя пакоі: кабінет бацькі, пакой маці, дзіцячы пакой, гасцёўня, а таксама аддзел “Гродзеншчына літаратурная: мінулае і сучаснае”.
Сярод экспанатаў музея – асабістыя рэчы паэта, дакументы, пісьмы і іншыя рэчы сям’і Багдановічаў, прадметы побыту канца ХIХ-га – пачатку ХХ ст., пісьмовыя сведчанні грамадскага і літаратурнага жыцця таго часу, а таксама літаратурная спадчына паэтаў і празаікаў Гродзеншчыны – М.Васілька, А.Карпюка, В.Быкава, Л.Ялоўчык, Д.Бічэль, Ю.Голуба, А.Пяткевіча і інш.

Экспазіцыя

Зала I. Галерэя славутых людзей Беларусі.

Зала II. Гродзенскі перыяд жыцця сям’і Багдановічаў:
1. Гродна на мяжы ХIХ-ХХ стагоддзяў;
2. Дзяцінства Максіма Багдановіча ў Гродне;
3. Бацька Максіма – Ядам Ягоравіч Багдановіч;
4. Дзеці Багдановічаў;
5. Маці паэта – Марыя Апанасаўна Багдановіч (Мякота);
6. Пераезд сям’і Багдановічаў у Ніжні Ноўгарад;
7. Максімаў літаратурны дэбют у газеце “Наша Ніва”;
8. Польскамоўныя пісьменнікі Гродзеншчыны;
9. Этнографы і фалькларысты;
10. Гродзенская панямонская інтэлігенцыя;
11. Прынямонне.

Зала III. Літаратурна-грамадскі рух канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзяў:
1. “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі. Ф.Багушэвіч” (Паўстанне К.Каліноўскага);
2. Цётка (Алаіза Пашкевіч) і газета “Наша доля”;
3. Выдавецкая суполка “Загляне сонца і ў наша аконца”;
4. М.Багдановіч – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца;
5. Яраслаўскі перыяд жыцця Максіма Багдановіча (творчыя аспекты жыцця паэта, зборнік “Вянок”);
6. Нашаніўскі перыяд (дзейнасць газеты “Наша Ніва”1906–1915гг.);
7. Беларускае выдавецкае таварыства;
8. «Белы лебедзь у промнях славы» (спонсар і мецэнат – Магдаліна Радзівіл);
9. Пяць месяцаў у Мінску (Зоська Верас і Максім Багдановіч).

Зала IV. Мемарыяльныя пакоі:
1. Кабінет бацькі;
2. Матчын пакой;
3. Дзіцячы пакой;
4. Гасцёўня.

Зала V. Аддзел музея “Гродзеншчына літаратурная: мінулае і сучаснае”:
Жыццё і творчасць Э.Ажэшкі, М.Васілька, Я.Брыля, А.Карпюка, В.Быкава, Д.Бічэль-Загнетавай і інш.


У нас вы можаце папярэдне заказаць лекцыі і тэматычныя экскурсіі на наступныя тэмы:

Л Е К Ц Ы I:
• “I ўспомніў я час” –– гродзенскае маленства Максіма ў асяроддзі дарослых;
• Адам Багдановіч –– бацька паэта;
• Палітычнае і культурнае становішча на Беларусі кан. ХIХ – пач. ХХ ст.,
• Алаіза Пашкевіч –– жыццёвы і творчы шлях;
• М.Багдановіч у нашаніўскім кантэксце;
• “Белы лебедзь у прамянях славы” –– жыццё княгіні М.Радзівіл;
• “Адхінуўшы заслону часу...” Жыццё і творчасць Iгната Буйніцкага;
• Я.Ф.Арлоўскі –– краязнаўца, даследчык гісторыі г.Гродна;
• Жыццёвы і творчы шлях беларускага пісьменніка В.Быкава;
• Луцкевіч Антон –– беларускі палітычны і культурны дзеяч, гісторык, публіцыст, літаратурны крытык;

Э К С К У Р С I I:
• Жанчына ў жыцці і творчасці М.Багдановіча;
• Гарадзенскі перыяд жыцця М.Багдановіча;
• А.Я.Багдановіч –– бацька паэта;
• Роля газеты “Наша Ніва” ў адраджэнскім руху Беларусі;
•“Стану песняй у народзе”. Жыццёвы і творчы шлях беларускай паэткі А.Пашкевіч;
• Ф.Багушэвіч –– паэт, байкапісец, празаік, публіцыст 2-ой паловы ХIХ ст., паўстанец 1863 г.;
•“Яе дарогі”. Жыццёвы і творчы шлях З.Верас;
• Гродзеншчына літаратурная: мінулая і сучасная;
•“Святло чалавечай душы”. Жыццё і творчасць Л.П. Ялоўчык.

Таксама рады Вас пабачыць на нашых занятках:
• “Максімаў домік” – для дзяцей 1–4 класаў;
• “Старая кватэра” – для дзяцей 5–7 класаў.

Рэспублiка Беларусь,
г. Гродна, вул. 1-га Мая 10.
Тэл.: 8(015)72-22-54