Максім Багдановіч - класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і літаратурнай мовы новага часу, паэт, празаік, публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык.
          Нарадзіўся 9 снежня 1891 г. (паводле новага стылю) у Мінску ў сям'і настаўнікаў. Бацька - Адам Ягоравіч Багдановіч (1862-1940) паходзіў з сям'і беззямельнага селяніна, былога прыгоннага. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, працаваў выкладчыкам і кіраўніком гарадскога пачатковага вучылішча ў Мінску, ацэншчыкам і землеўпарадчыкам у Сялянскім зямельным банку ў Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі.  Вядомы як вучоны-фалькларыст, этнограф, гісторык. Быў блізкім сябрам  славутага рускага пісьменніка Максіма Горкага. Маці - Марыя Апанасаўна Мякота (1869-1896) - скончыла настаўніцкія курсы ў Пецярбургу, займалася педагагічнай практыкай. У шлюбе Адама Ягоравіча з Марыяй Апанасаўнай было чацвёра дзяцей (сыны Вадзім, Максім, Леў, дачка Ніна).
           У 1892 г., амаль адразу пасля нараджэння Максіма, сям'я пераехала ў Гродна, а ў 1896 г., пасля смерці ад туберкулёзу Марыі Апанасаўны, Багдановічы змянілі месца жыхарства на Ніжні Ноўгарад. Праз некалькі гадоў Адам Ягоравіч узяў шлюб з Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай (роднай сястрой жонкі Максіма Горкага), аднак яна памерла пры родах, а іх маленькі сын Аляксандр гадаваўся у сям'і Горкага (у двухгадовым узросце хлопчык цяжка захварэў і памёр). Пазней А.Я. Багдановіч звязаў сваё жыццё з сястрой сваёй першай жонкі - Аляксандрай Апанасаўнай Мякотай, і ў іх нарадзілася пяцёра сыноў (Павел, Мікалай, Аляксей, Вячаслаў і Раман).
         Трэба адзначыць, што ў сям'і Багдановічаў размаўлялі па-руску, але лад жыцця, звычкі, густы, настрой думак у сваёй аснове былі беларускія. Тут дзеці чулі беларускія казкі, песні, прымаўкі. Бацька ўдзяляў шмат увагі сваім сынам, ён прышчапіў ім любоў да літаратуры. У адным з лістоў да сябра Максім адзначаў: "Мяне выхоўваў бацька. Неяк я паказваў вам яго бібліятэку. У ёй усё ёсць істотнае, што з'явілася калі б там ні было ў літаратуры ўсяго свету. Мы з дзяцінства праходзілі гэтую сусветную школу... Зразумела, галоўная ўвага звярталася на славянскія літаратуры...". І, відавочна, гэтыя абставіны паспрыялі таму, што ўжо ў дзесяцігадовым узросце Максім пачаў спрабаваць пісаць мастацкія творы па-беларуску.
         З 1902 па 1907 г. Максім Багдановіч вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. Юнак знаходзіўся ў атмасферы радыкальных палітычных настрояў. У доме Багдановічаў збіралася дэмакратычная інтэлігенцыя. Максім актыўна наведваў розныя мітынгі і маніфестацыі, у выніку чаго атрымаў у атэстаце адзнаку "нядобранадзейнага вучня". У гэты ж час ён вывучае беларускую мову і літаратуру, знаёміцца з матэрыяламі беларускіх газет "Наша доля", "Наша ніва", якія істотна паўплывалі на фарміраванне яго светапогляду. І ў далейшым, у сваёй творчай дзейнасці, Максім Багдановіч аддаваў перавагу беларускай мове. Асабліва гэта датычыць яго мастацкай творчасці.
         1907 г. лічыцца пачаткам літаратурнай дзейнасці Максіма Багдановіча. Яго першым значным мастацкім творам было беларускамоўнае празаічнае апавяданне "Музыка", якое адразу ж надрукавала "Наша ніва". У апавяданні расказваецца легенда пра музыку, які "многа хадзіў па зямлі ды ўсё граў на скрыпцы". Незвычайныя былі і яго скрыпка, і музыка. Калі плакала скрыпка ў руках музыкі, то кожны "усё плакаў бы па сваёй долі", калі грозна гудзелі струны, "людзі падымалі апушчаныя голавы, і гневам вялікім блішчалі іх вочы". За яго творчасць "злыя і сільныя людзі" кінулі музыку ў турму, дзе той і загінуў. Але не загінула памяць аб ім. У гэтым алегарычным творы малады аўтар расказваў аб шматпакутным лёсе Беларусі на працягу стагоддзяў і выказваў надзею на хуткія перамены да лепшага.
        З 1908 г. Багдановічы жылі ў Яраслаўлі, тут Максім працягваў навучанне ў гімназіі. У гэты перыяд юнак сутыкнуўся з цяжкімі выпрабаваннямі. У 1908 г. ад туберкулёзу лёгкіх памёр старэйшы брат Максіма - Вадзім. А вясной 1909 г. захварэў на туберкулёз і Максім. Бацька адвёз яго ў Крым на лячэнне, што добра паўплывала на стан яго здароў'я, ён захапіўся паўднёвым краем, з'явілася новае кола знаёмых, закаханасць.
         У 1908 г. Максім Багдановіч напісаў першыя лірычныя вершы: "Над магілай", "Прыйдзе вясна", "На чужыне", якія былі апублікаваны ў "Нашай ніве". Шмат іншых вершаў маладога паэта члены рэдкалегіі газеты ў той час лічылі   "дэкадэнцкімі" і не друкавалі. У 1909 г. з яго творамі азнаёміўся беларускі паэт, публіцыст, крытык, супрацоўнік газеты "Наша ніва" С. Палуян, які адыграў значную ролю ў творчым лёсе маладога паэта, настаяўшы на публікацыі яго вершаў. І пачынаючы з 1909 г. творы Максіма Багдановіча не сыходзілі са старонак гэтай газеты. Сярод іх верш "Краю мой родны! Як выкляты богам...", у якім выразна прагучала тэма сацыяльнага прыгнёту і нацыянальнага адраджэння беларусаў. Багдановіч заявіў аб сабе як аб песняры нядолі роднага краю і, разам з тым, шчырай веры ў лепшую будучыню. Па некаторых ацэнках, гэты твор паставіў яго поруч з Янкам Купалам і Якубам Коласам.  Апрача таго, у "Нашай ніве" былі надрукаваны такія творы, як кароткае вершаванае лірычнае апавяданне "З песняў беларускага мужыка" - рэалістычная імпрэсія, поўная веры ў творчыя сілы народа, вершы "Цемень", "Пугач", "Разрытая магіла", а таксама пераклады з Гейне, Шылера.


[1] 2 3 4