Як лічыць А. Лойка: "Усё яскравей бачыцца постаць Багдановіча ў кантэксце сусветнай літаратуры". На думку перакладчыка твораў паэта на англійскую мову В. Рыч з Вялікабрытаніі, Максім Багдановіч "уваходзіць у пантэон вялікіх паэтаў свету, як роўны сярод роўных".
      Роля і значэнне Максіма Багдановіча ў развіцці беларускага прыгожага пісьменства, у нацыянальным і духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнена нашчадкамі.
       Творчую спадчыну Максіма Багдановіча вывучае адна з галін беларускай літаратурнай навукі - багдановічазнаўства.
       Збор твораў паэта ў двух тамах выходзіў у Мінску ў 1927-1928 гг. і ў 1968 г.  Поўны збор твораў у трох тамах выдадзены ў Мінску ў 1992-1995 гг. Апрача таго, у 1981 г. у Мінску выйшла факсімільнае выданне зборніка "Вянок".
       Памяць Максіма Багдановіча ўшанавана ў назве буйной вуліцы Мінска. Вуліцы яго імя ёсць таксама ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце і іншых населеных пунктах. Яго імя нададзена школам і бібліятэкам у многіх гарадах Беларусі.
       Аб жыцці і творчасці  Максіма Багдановіча зняты тры кінафільмы і адзін відэафільм. Яго лёсу прысвечаны поп-опера Ігара Паліводы (лібрэта складзена Леанідам Пранчаком) "Максім" і аперэта Юрыя Семянякі на лібрэта Алеся Бачылы "Зорка Венера".
       На вершы Максіма Багдановіча запісваліся музычныя творы. Некаторыя з іх сталі народнымі песнямі ("Лявоніха", "Зорка Венера", "Слуцкія ткачыхі").
     Знакаміты вакальна-інструментальны ансабль "Песняры" неаднойчы звяртаўся да творчасці паэта. Асобна трэба адзначыць праграму "Вянок", поўнасцю складзеную з песень на вершы Максіма Багдановіча, музыку да яе напісалі Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок.
      Творы беларускага паэта перакладзены на два дзесяткі моў свету (сярод іх такія распаўсюджаныя, як англійская, іспанская, нямецкая, польская, руская, украінская, французская), публікаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Расіі, Францыі, Югаславіі і іншых краінах. Яшчэ ў 1950-я гг. у Маскве быў выдадзены вялікі зборнік яго выбраных твораў на рускай мове ў перакладзе лепшых савецкіх паэтаў.
    100-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча было адзначана ў каляндарным спісе ЮНЕСКА "Гадавіны выдатных асоб і падзей" на 1991 г.

При подготовке данного материала использовалась информация с http://archives.gov.by/


1 2 3 [4]