Сярод значных падзей асабістага жыцця Максіма Багдановіча з 1914 і амаль да канца 1916 г. былі паездка ў Крым для паўторнага курса лячэння і новае каханне, якое прынесла яму шмат перажыванняў. Трэба таксама адзначыць і прафесійнае прызнанне маладога літаратара з боку калег: Максіма Багдановіча прынялі ў члены "Усерасійскага таварыства дзеячаў перыядычнага друку і літаратуры".
        У гэты перыяд паэт напісаў цыкл вершаў "На ціхім Дунаі. Вершы беларускага складу", паэму "Максім і Магдалена", іншыя творы. У вершах, аб'яднаных у цыкле "На ціхім Дунаі...", выразна гучаць фальклорныя матывы, адным з найбольш вядомых твораў гэтага збору з'яўляецца "Лявоніха". Тэма паэмы "Максім і Магдалена" - каханне вясковага хлопца да дачкі ваяводы, які жорстка распраўляецца з юнаком, і той гіне як герой. Пісаў Максім Багдановіч вершы і на рускай мове, прычым частка з іх не маюць аўтарскага беларускага тэксту (такія лірычныя творы, як "Зачем грустна она была", "Я вспоминаю Вас такой прекрасной, стройной", "Зеленая любовь", "Осенью").   Да гэтага часу адносятся і пераклады на беларускую мову твораў А. Пушкіна, Э. Верхарна.
        Акрамя таго, у расійскім і ўкраінскім друку з'яўляюцца публіцыстычныя артыкулы Максіма Багдановіча на рускай мове, прысвечаныя пытанням гісторыі літаратуры, нацыянальным і грамадска-палітычным праблемам ("Новая интеллигенция", "О гуманизме и неосмотрительности", "Белорусы", "Украинское казачество", "Образы Галиции в художественной литературе"), выходзяць гісторыка-краязнаўча-этнаграфічныя брашуры ("Червонная Русь", "Угорская Русь", "Братья-чехи"), а таксама літаратуразнаўчыя рэцэнзіі, фельетоны.
       Восенню 1916 г., скончыўшы ў Яраслаўлі юрыдычны ліцэй, Максім Багдановіч пераехаў у Мінск. Тут ён працаваў сакратаром харчовага камітэта мінскай губернскай управы, адначасова займаўся справамі бежанцаў у Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, удзельнічаў у рабоце гурткоў моладзі. Багдановіч пасяліўся на адной кватэры з літаратарам Змітраком Бядулем, які пазней пакінуў шмат ўспамінаў пра паэта.
       У гэты час Максім Багдановіч напісаў такія знакамітыя творы, як "Страцім-лебедзь" і "Пагоня". "Страцім-лебедзь" - гэта паэтызацыя біблейскага міфа пра лебедзя, паводле якой адзін толькі Страцім-лебедзь адмовіўся ад Ноева каўчэга, сам уступіў у адзінаборства са стыхіяй патопу, аднак трагічна загінуў, бо не ў сіле аказаўся ўтрымаць птахаў, што абселі яго, ратуючыся ад патопу. Хоць сам Страцім-лебедзь гінуў, але даваў жыццё іншым птахам. У міфе асуджалася непакорнасць, Багдановіч яе ўслаўляў. У вершы "Пагоня" аўтар звяртаецца да гераічных старонак беларускай мінуўшчыны, заклікае бараніць сваю Маці-Краіну. Гэты твор многімі ўспрымаўся як гімн беларусаў.
      У  Максіма Багдановіча было шмат творчых планаў, ён хацеў выдаць шэраг паэтычных зборнікаў ("Маладзік", "Пярсцёнак", "Шыпшына", "Полынь-трава"). Але здзейсніць гэтыя намеры не змог. У канцы лютага 1917 г. з-за абвастрэння хваробы пакінуў Мінск і зноў накіраваўся ў Крым. Аднак лячэнне не дапамагло, і 25 мая 1917 г. у двадцаціпяцігадовым ўзросце Максім Багдановіч памёр. Пахаваны ў Ялце на гарадскіх могілках.

*  *  *

         Максім Багдановіч пражыў вельмі кароткае, але надзвычай плённае ў творчых адносінах жыццё. Ён дасягнуў шырокага прызнання сучаснікаў і нашчадкаў. Імя Максіма Багдановіча стаіць побач з такімі класікамі беларускай і сусветнай літаратуры, як Янка Купала і Якуб Колас. Яго творчая спадчына - істотная частка духоўнай культуры беларускага народа. Паводле ацэнкі беларускага літаратуразнаўца, паэта А. Лойкі: "Максім Багдановіч як творца, мысліцель, гісторык... унікальная, фенаменальная з'ява, якая не ўкладваецца ні ў рамкі свайго часу, ні ў рамкі цэлых літаратурных эпох."
       Адным з першых паэт ўзбагачаў нацыянальную літаратуру новымі для яе вершаванымі формамі і тэматычнымі накірункамі, перакладаў на беларускую мову творы класікаў сусветнай літаратуры. Апавяданні Максіма Багдановіча, як сцвярджае літаратуразнавец Т. Кароткая, "ляжаць ля вытокаў нацыянальнай прозы, а яго крытычныя даследаванні шмат у чым прадвызначылі развіццё літаратурнай крытыкі, сталі фундаментальнай асновай у вывучэнні гісторыі літаратуры".
       Максім Багдановіч быў сярод тых піянераў беларускага нацыянальнага адраджэння, хто спрабаваў паказаць месца і ролю беларускага народа ў гісторыі і часе, сфармуляваць нацыянальную ідэю беларусаў, асэнсаваць шляхі далейшага развіцця беларускай нацыі.


1 2 [3] 4