1911 г. з'явіўся ў значнай меры пераломным у жыцці Максіма Багдановіча. Пасля заканчэння вучобы ў гімназіі ён наведаў Вільню, дзе пазнаёміўся са славутымі дзеячамі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху братамі І. і А. Луцкевічамі, беларускім пісьменнікам, гісторыкам, філолагам, літаратуразнаўцам В. Ластоўскім, выдаўцом, мовазнаўцам і літаратуразнаўцам Б. Эпімахам-Шыпілам. Па запрашэнні Луцкевічаў Максім Багдановіч амаль усё лета жыў у фальварку Ракуцёўшчына каля Маладзечна. Да гэтага часу ён меў толькі кніжнае ўяўленне аб Беларусі, але тут, у 20-гадовым узросце змог зблізку ўбачыць беларускую прыроду, жыццё і побыт беларусаў.
       Будучы ў Вільні малады паэт азнаёміўся ў прыватным беларускім музеі братоў Луцкевічаў з калекцыямі старажытных рарытэтаў,  і пад іх уражаннем напісаў верш "Слуцкія ткачыхі". У гэтым творы аўтар расказвае сумную гісторыю прыгонных ткачых, апісвае хараство роднай зямлі, паэтызуе ўмельства майстрых ткаць залатыя паясы, дзе "заміж персідскага ўзора цвяток радзімы васілька".
      Атрымаўшы атэстат сталасці, Максім Багдановіч меў намер паступіць у Пецярбургскі універсітэт на філалагічны факультэт, але з-за адсутнасці сродкаў, а таксама з-за таго, што сыры клімат сталіцы не падыходзіў для чалавека са слабым здароўем, не здолеў здзейсніць свой намер і, вярнуўшыся з Беларусі ў Яраслаўль, паступіў у Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. Пры гэтым Максім вельмі настойліва займаўся самаадукацыяй. Ужо к таму часу яго веды ў галіне гісторыі, літаратуры, культуры народаў славянскага свету мелі энцыклапедычны характар. Ён таксама шмат увагі аддаваў замежным мовам: вывучаў грэчаскую, лацінскую, італьянскую, польскую, французскую і нямецкую.
       У той перыяд былі напісаны вершаваныя лірычныя апавяданні "У вёсцы" і "Вераніка". Абодва - даніна захапленню паэта жанчынай. Паэтычнае апісанне глыбокіх пачуццяў жанчыны да дзіцяці, уласцівых нават маленькай дзяўчынцы - ідэйная задумка твора "У вёсцы". Фабула "Веранікі" - успамін аб дзяўчынцы, якая непрыкметна для аўтара, "ў красе свае вясны" вырасла, абудзіўшы ў душы паэта першае каханне, а з ім - цягу да ідэальнага, прыгожага, да паэзіі. Музай для Максіма Багдановіча паслужыла Ганна Какуева, сястра яго аднакласніка, таленавітая піяністка. Вобразам гэтай жанчыны навеяны і такія паэтычныя творы, як "Учора шчасце толькі глянула нясмела", "Больш за ўсё на свеце жадаю я", некаторыя іншыя. Другі знакаміты твор лірыкі любоўных перажыванняў - верш Максіма Багдановіча "Раманс" (*** Зорка Венера ўзышла над зямлёю"), які пазней стаў шырокавядомай песняй, канкрэтнага адрасата не мае.
       Тады ж былі створаны вершы, якія потым склалі цыклы "Старая Беларусь", "Места", "Згукі Бацькаўшчыны", "Старая спадчына". Асноўным зместам твораў была барацьба за гуманістычныя ідэалы, на першы план выходзіла тэма паднявольнага жыцця беларускага народа, моцна гучалі ідэі нацыянальна-вызваленчай барацьбы супраць царскай імперыі.
       У 1909-1913 гг. Максім Багдановіч напісаў таксама  больш дзесяці вершаў на рускай мове, зрабіў шэраг пераклаў на беларускую мову Авідзія, Гарацыя, П. Верлена.
        Апрача таго, у гэты перыяд Максім Багдановіч займаўся распрацоўкай канцэпцыі развіцця беларускай літаратуры ад старажытнасці да пачатку ХХ ст. Гэта знайшло адлюстраванне ў артыкуле па гісторыі беларускага пісьменства "Глыбы і слаі" (надрукаваны ў "Нашай ніве"), а таксама ў працах "Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця", "За сто лет. Нарыс гісторыі беларускай пісьменнасці" і "Новый период в истории белорусской литературы".
        У 1912 г. газета "Наша ніва" надрукавала шэраг вершаў паэта, прысвечаных гісторыі Беларусі. А ў Вільні, у друкарні Марціна Кухты, выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік твораў Максіма Багдановіча "Вянок" (на тытуле пазначаны 1913 г.) з прысвячэннем: "Вянок на магілу С.А. Палуяну (памёр 8 красавіка 1910 г.)". У зборніку каля 100 вершаў, якія аб'яднаны па цыклах: "У зачарованым царстве", "Згукі Бацькаўшчыны", "Старая Беларусь", "Места"; "Думы", "Вольныя думы", "Старая спадчына", "Мадонны". Акрамя таго, Максім Багдановіч стварыў рукапісны зборнік паэзіі "Зеленя", куды ён уключыў тры вершы на рускай мове ("Смех и говор", "Прочтите с участьем правдивую эту", "Сонет") і 19 перакладаў сваіх жа беларускіх вершаў на рускую мову. 


1 [2] 3 4