Прэс-рэліз мерапрыемстваў, прысвечаных Дню памяці Максіма Багдановіча

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.


Так развітваўся са светам Максім Багдановіч, паміраючы ў поўнай адзіноце ў далёкай Ялце, калі ўсё навокал буяла і клікала да жыцця. Гэта адбылося ў ноч на 25 мая 1917 года, маладому паэту было ўсяго толькі 25 гадоў.
Побач з Максімам знайшлі яго першы і адзіны прыжыццёвы зборнік “Вянок”, выдадзены напрыканцы 1913-га года. Дакладна вядома, што ў рукі паэта кніга трапіла толькі ў 1914-м, тады ж ён і падпісаў некалькі экзэмпляраў з накладу самым блізкім і дарагім людзям. Таму Літаратурны музей працягвае адзначаць 100-годдзе выхаду геніяльнага зборніка Максіма Багдановіча “Вянок”.
Для духоўных нашчадкаў Максіма Багдановіча, тых, хто чытае яго творы, захапляецца яго словам, геній паэта – неўміручы агмень, што асвятляе жыццё, думкі, мары, памкненні і штодзённую працу. Усіх, хто залічвае сябе да гэтай слаўнай кагорты, Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня памяці Максіма Багдановіча.

25 мая
11.30 — выступ вядомых культурных дзеячоў і ўскладанне кветак да помніка Максіма Багдановіча (сквер ля Вялікага тэатра оперы і балета);
13.00 — памінальная службы ў Саборы святых Пятра і Паўла (вул. Няміга, 4).

26 мая
18.00 — літаратурная імпрэза да Дня памяці Максіма Багдановіча “Першая кніга паэта”, дзе возьмуць удзел вядомыя беларускія літаратары, якія распавядуць пра сваю першую кнігу: Зміцер Вішнёў, Аксана Данільчык, Марыя Мартысевіч, Віка Трэнас, Аксана Спрынчан, Андрэй Адамовіч, Каця Глухоўская (вул. М. Багдановіча, 7а).

Літаратурны музей Максіма Багдановіча,
вул. М.Багдановіча,7а, г. Мінск. Тэл. 8 017 334-42-69