Мастацка-дакументальная выстаўка “Праглядзіце гэты томік…”

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўная ўстанова “Літаратурны музей М.Багдановіча”

Пры фінансавай дапамозе фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

па падтрымцы культуры і мастацтва


Мастацка-дакументальная выстаўка

“Праглядзіце гэты томік…”,

прысвечаная 100-годдзю выхаду

адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў

Максіма Багдановіча “Вянок”


Напрыканцы 1913 года ў Вільні, у друкарні Марціна Кухты выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча “Вянок”. Вядома, што сам аўтар, які жыў тады ў Яраслаўлі, атрымаў аўтарскія экзэмпляры кнігі на пачатку 1914 года. Шчаслівы і ўзнёслы, паэт спяшыў падзяліцца сваёй радасцю з роднымі і блізкімі сябрамі, у якіх ён заўсёды знаходзіў падтрымку і паразуменне. 22 сакавіка 1914 года Максім Багдановіч уручыў кнігі з дароўнымі надпісамі родным цёткам Марыі Ягораўне і Магдаліне Ягораўне і “сестрице Нюте” – стрыечнай сястры Ганне. Старанна захаваныя цёткамі і Нютай, а пасля іх нашчадкамі, гэтыя тры кнігі зараз займаюць пачэснае месца на выстаўцы “Праглядзіце гэты томік...”, прысвечанай 100-годдзю выхаду паэтычнай кнігі “Вянок”.
На выстаўцы дэманструюцца матэрыялы з фондаў Літаратурнага музея М.Багдановіча, што адлюстроўваюць гісторыю стварэння кнігі: фотаздымкі, рукапісы, дакументы М.Багдановіча і супрацоўнікаў рэдакцыі газеты “Наша Ніва”, якія аказвалі дапамогу ў выданні кнігі; пазнейшыя перавыданні кнігі “Вянок”, зборнікі вершаў паэта ў перакладах на замежныя мовы.
Тэматыка вершаў “Вянка” займае адметнае месца ў беларускім выяўленчым мастацтве. На выстаўцы ўпершыню прадстаўлены мастацкія работы Юрыя Хілько – ілюстрацыі да вершаў М.Багдановіча “Слуцкія ткачыхі” і “Зорка Венера”, зробленыя ў 2011 годзе. Яны былі выкананы спецыяльна для трохкніжнага выдання, якое складалася з трох вершаў М.Багдановіча “Раманс”, “Пагоня”, “Слуцкія ткачыхі” на дзесяці мовах, і прысвячалася 120-годдзю з дня нараджэння паэта.
Зборнік вершаў “Вянок” выдатнага беларускага паэта  не страціў сваёй актуальнасці і па сённяшні дзень, аб чым сведчыць велізарная ўвага да кнігі з боку беларускіх і замежных даследчыкаў-літаратуразнаўцаў, пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў. 



Урачыстае адкрыццё адбудзецца 31 студзеня 2014 года ў 16.00
ў Літаратурным музеі М.Багдановіча

Выстаўка будзе экспанавацца ў музеі з 31 студзеня па 31 мая 2014 года
з 9.00 да 17.30 (панядзелак-пятніца) па адрасе:  вул. М.Багдановіча, 7а
Тэлефон для даведак:   8 017 334 07 61 (Мінск)
Афіцыйны сайт: www.bagdanovich.by
Электронная пошта: bagdanovich@tut.by