Прэс-рэліз святкавання Дня нараджэння Максіма Багдановіча, класіка беларускай літаратуры

9 снежня 1891 года ў Мінску, у сям’і Адама і Марыі Багдановічаў нарадзілася дзіця, якому было наканавана лёсам асвяціць беларускую літаратуру ззяннем непаўторнага літаратурнага таленту. Гаворка ідзе пра Максіма Багдановіча − выдатнага беларускага паэта, пісьменніка, крытыка, перакладчыка. Менавіта сучасная сталіца Беларусі займела гонар стаць калыскай будучаму нацыянальнаму генію.
Творы Максіма Багдановіча па праву лічацца ўзорам прыгожага пісьменства не толькі ў беларускай, але і ў сусветнай літаратуры. І кожны мінчанін можа ганарыцца тым, што яго родны горад стаў такім і для славутага беларускага класіка Максіма Багдановіча, што менавіта над Свіслаччу запалілася яго зорка.
 Запрашаем усіх,  неабыякавых да творчасці Максіма Багдановіча, далучыцца да ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню нараджэння паэта, якія адбудуцца 9 снежня 2013 года.
12.00 − урачыстае ўскладанне кветак да помніка Максіму Багдановічу (вул. М.Багдановіча, сквер ля опернага тэатра)
17.00 − літаратурна-музычная імпрэза “Ён нарадзіўся тут!”, падчас якой вы зможаце нанова адкрыць для сябе ўжо знаёмы для Вас горад Мінск, паглыбіцца ў яго рамантычнае мінулае, пачуць грукат конак на ўжо неіснуючых маставых. Вы таксама сустрэнецеся з цікавымі беларускімі пісьменнікамі М.Пазняковым, А.Бутэвічам, Н.Гальпяровічам і пачуеце песні на словы М.Багдановіча ад гурта “Нельга Забыць”.
 Чакаем Вас ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (вул. М.Багдановіча, 7а)