Прэс-рэліз мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня нараджэння Максіма Багдановіча, класіка беларускай літаратуры

9 снежня ва ўсім свеце прыхільнікі таленту Максіма Багдановіча адзначаюць дзень нараджэння беларускага генія. Шматгранная асоба таленавітага творцы пакінула  зорны след не толькі ў гісторыі беларускай нацыянальнай літаратуры, але і ў літаратуры сусветнай. Паэт, празаік, удумлівы крытык і перакладчык, Максім Багдановіч свой тонкі мастацкі густ і далікатнае адчуванне рэчаіснасці ўвасобіў у сваіх незабыўных творах. Натуральна, што кожны верш генія загараўся на небасхіле паэзіі новай зоркай.

Максім Багдановіч аказаўся здольным да спасціжэння сусвету ў яго касмічнасці, таямніц, над якімі чалавецтва будзе разважаць вечна. І зусім невыпадкова дзіўна-чароўнае святло, быццам ад сапраўднай зоркі, ідзе ад кожнага яго верша.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню нараджэння беларускага паэта.

    Праграма:

9 снежня а 12 гадзіне адбудзецца мітынг з прамовамі і ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка Максіму Багдановічу (сквер ля опернага тэатра);

10 снежня а 18 гадзіне  −  літаратурна-музычная імпрэза “З Максімам – да зор…”, удзел у якой возьмуць вядомыя беларускія дзеячы культуры і мастацтваў: Міхась Пазнякоў, Навум Гальпяровіч, Аксана Спрынчан, Людміла Хейдарава, Людміла Рублеўская, Алесь Камоцкі, Алеся Сівохіна, гурт “Нельга забыць”.

У сувязі з правядзеннем капітальнага  рамонту гасцінны дом паэта ў Траецкім прадмесці не зможа, на жаль, расчыніць свае дзверы прыхільнікам таленту творцы. Але надзеяй поўніцца жыццё людское, таму светлай надзяй на хуткае і паспяховае завяршэнне аднаўлення экспазіцыі аднаго з самых лепшых літаратурных музеяў нашай краіны жывуць супрацоўнікі і адміністрацыя Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Прыйдзе час, і мы запросім усіх, хто жадае ўвайсці ў чароўны свет творчасці беларускага паэта Максіма Багдановіча, пабачыць адноўлены прыгожы музей і яго экспазіцыйныя залы. А пакуль запрашаем да нашых сяброў, у музей Янкі Купалы, супрацоўнікі якога ласкава згадзіліся прыняць да сябе аматараў творчасці Максіма Багдановіча. Чакаем Вас па адрасе:

Літаратурны музей Янкі Купалы, г. Мінск, вул. Я. Купалы, 4