Свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета − 2012”, якое адбудзецца 29 ліпеня 2012 года ў філіяле музея “Фальварак Ракуцёўшчына”

Ужо больш, чым сто гадоў таму, а менавіта ўлетку 1911 года, у фальварку дробнага шляхціца Вацлава Лычкоўскага  адпачываў Максім Багдановіч, чыё жыццё і творчасць даўно сталі ўзорам служэння Бацькаўшчыне і прыкладам для пераймання. Патрапіць на адпачынак у гэтыя мясціны паэт здолеў дзякуючы запрашэнню завочных сяброў − супрацоўнікаў рэдакцыі першай беларускай газеты “Наша ніва” − братоў Антона і Івана Луцкевічаў, якім гаспадар фальварка даводзіўся родным дзядзькам. Таму менавіта тут, на ракуцёўскай зямлі, ужо не першы год музей Максіма Багдановіча збірае на Свята паэзіі і песні прыхільнікаў творчасці паэта, якія праз гады-дзесяцігоддзі сталі шчырымі і адданымі сябрамі музея.

На Беларусі, нібы з жывой крыніцы, чэрпаў Максім Багдановіч паэтычнае натхненне: творчы здабытак гэтых месяцаў − нізкі вершаў “Старая Беларусь” і “Места”, паэмы “У вёсцы” і “Вераніка”, шэраг іншых вершаў, накіды і замалёўкі для будучых шэдеўраў беларускай літаратуры. Але важнейшым для Максіма была радасць ад судакранання з традыцыяй, мовай, людзьмі, прыродай.

Няма сумневу ў тым, што і Вы, прайшоўшы па сцежках Максіма Багдановіча, атрымаеце захапленне ад ракуцёўскіх маляўнічых краявідаў, узвысіцеся над штодзённымі клопатамі, якімі поўніцца жыццё людское, каб адчуць гонар за выбітных сыноў і дачок Беларусі.

Праграма

Свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета − 2012”

11.00 − літаратурная імпрэза каля памятнага знака, усталяванага каля вёскі Ракуцёўшчына;

12.00 − літаратурна-музычная імпрэза “У родным краі”, у якой прымаюць удзел вядомыя дзеячы культуры і мастацтваў Беларусі: пісьменнікі, акторы беларускіх тэатраў, выканаўцы аўтарскай песні, этна-гурты і іншыя.

Падчас Свята прадастаўляецца магчымасць знаёмства з экспазіцыяй філіяла “Фальварак Ракуцёўшчына”, старажытным лялечным тэатрам батлейка, мастацка-дакументальнай выстаўкай “Геній зямлі беларускай”. Самых актыўных і цікаўных запрашаем да ўдзелу ў інтэрактыўных музейных і забаўляльных праграмах.

Кантакныя асобы:

Мацук Юлія Багуславаўна, загадчык аддзела, тэл. 8 017 334 42 69

Заліўская Лілія Леанідаўна, загадчык філіяла, тэл. 8 01767 96 1 41

Мерапрыемства ладзіцца пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.