120-год Багдановічу

Максім Багдановіч сапраўды незвычайная асоба.
Ён геній! Стварыў цудоўныя, прыгожыя, лірычныя вершы, выдаў пры жыцці адзіную кніжачку – зборнік “Вянок”, але ўсю творчасць малодога паэта, якому лёс адлічыў зусім мала жыццёвых гадоў, можна змясціць у трох вялікіх тамах! Максім меў талент бліскучага крытыка, пра гэта сведчаць яго артыкулы. Апавяданні Максіма Багдановіча раскрываюць яшчэ адну дыяментную грань яго творчасці.
Ён патрыёт! Пакінуўшы радзіму ў пяць гадоў, ён два разы вяртаецца да яе. Упарты малады чалавек, замест таго, каб паехаць на лячэнне ў Крым, ён едзе ў родную Беларусь. Пад час першай паездкі наведвае Вільню і вёску Ракуцёўшчыну, пад час другой паездкі – вяртаецца ў родны Мінск. Яго мінскія сябры – культурныя дзеячы, беларускія паэты, навукоўцы – дапамагаюць Максімаву таленту раскрыцца яшчэ больш, загучаць яго слову мацней, заблішчаць яго зорцы ярчэй. Сябры спадзяюцца, што Максім будзе з імі доўга, але лёс вызначыў шлях паэта па іншаму. Максім пакідае Беларусь – едзе ў Ялту паправіць здароўе, але больш не вяртаецца. Не вяртаецца на радзіму ў фізічным сэнсе. Максім Багдановіч вярнуўся на Беларусь, як выдатны класік беларускай літаратуры, рамантычны паэт, лірык, празаік, крытык, публіцыст, як таленавітая, чуллівая асоба, як геній зямлі беларускай!
9 снежня 2011 года выдатнаму класіку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу спаўняецца 120 гадоў.
Увесь 2011 год можна лічыць юбілейным годам паэта і пачынаць адзначаць рознымі прыгожымі, цікавымі, важнымі мерапрыемствамі, прымеркаванымі да гэтай цудоўнай даты. Для ўсіх прыхільнікаў творчасці і асобы Максіма Багдановіча ўвесь 2011 год можна лічыць святочным, кожны месяц, дзень ствараць цудоўныя падзеі, праводзіць літаратурныя і музычныя вечарыны, адкрываць мастацкія выстаўкі, арганізоўваць канцэртныя праграмы, ставіць новыя спектаклі на тэатральных сцэнах, здымаць фільмы, прысвечаныя унікальнай асобе Максіма Багдановіча.