ПЕРАКЛАДЧЫЦКАЯ СПАДЧЫНА МАКСIМА БАГДАНОВІЧА

"Як толькі закрыю я вочы, стамлёныя светам газніцы, як толькі ўсплывуць перад імі чырвоныя, сінія плямы, - дык зараз жа сэрца згадае апошняе наша спатканне, — чырвоныя, яркія вусны, глыбокія, сінія вочы... Як той матылёк лёгкакрылы, што вось-вось із маку ўзвіецца, на вуснах яе трапятала і была не ў сілах сарвацца адно ціхавейнае слова; якое - ўжо вы ўгадалі! Ах вусны, чырвоныя вусны! ах словы, чароўныя словы! Не дзіва ж, мае дарагія, што слёзы ў мяне праступаюць з-пад хмур-ных павек, і кажу я: "паменшыце свету ў газніцы, бо штось яна рэжа мне вочы".

Сапраўды, варта параўнаць гэтыя радкі з верленаўскімі вершамі са зборніка "Добрая песня", каб пераканацца, як шмат агульнага ў абодвух паэтаў у паэтычнай трактоўцы тэмы ка-хання, любімай жанчыны: ніякай эротыкі, ніякай цялеснасці, ніякай заземленасці - усюды пануе ўзнёсласць, чысціня, амаль што незямная прыгажосць каханай, усюды - рыцарскі "культ дамы".

У гісторыю французскай і сусветнай паэзіі Поль Верлен увайшоў як нястомны наватар і працаўнік у галіне літаратур-най тэхнікі, як руплівы майстар гарманічнага верша, дзе ўсе вьіяўленчыя сродкі скіраваны на тое, каб падкрэсліць гукавую арганізацыю, рытмічную выразнасць і абавязкова- музычнасць. Гэты аспект творчай спадчыны Верлена, а іменна шліфоўка, адточванне, імкненне да гармоніі, да новых паэтычных форм, відаць, асабліва быў істотным для М. Багдановіча, які, як ніхто іншы на пачатку XX ст., сам клапаціўся аб узбагачэнні, развіцці і ўдасканаленні фармальных магчымасцей беларускай паэзіі і які, мусіць, добра ўсведамляў, што паэзіі патрэбны не толькі мускулістыя каменячосы, але і элегантныя ювеліры. Думаецца, словы французскага паэта "De la musique avant toute chose!" -"Музыкі перш за ўсё!" былі ўзяты Багдановічам не толькі ў якасці эпіграфа да верша "Па-над белым пухам вішняў..."

Характэрна, што наватарская дзейнасць М. Багдановіча ў галіне распрацоўкі новых паэтычных форм і тэм не была сама-мэтай. Звяртаючыся ў рэдакцыю часопіса "Маладая Беларусь" і гаворачы пра свой цыкл вершаў "Старая спадчына", паэт пісаў: "Ён увесь склаўся з абразцоў розных даўнейшых форм верша, каторымі я зацікавіўся, маючы на ўвазе не толькі іх красу, не толькі палепшанне версіфікатарскай снароўкі пры працы над імі, але і жаданнем прышчапіць да беларускай пісьменнасці здабыткі чужаземнага паэтычнага труда, памагчы атрымаць ёй больш еўрапейскі выгляд. Апрыч таго, фактам з'яўлення іх ха-цеў я давесці здатнасць нашай мовы да самых срогіх вымог вяршоўнай формы, бо я ім здавальняў нават у драбніцах, іншы раз вельмі цяжкіх. Напрыклад, ні адзін санет з цэлай расійскай пісьменнасці не вытрымлівае ўсіх тых правіл,якія спаўняліся мной, павэдлуг вымог тэарэтыкаў гэтай формы (напрыклад, каб ні адно слова ў санеце не ўжывалась больш разу).

Я шчыра жадаў бы, каб гэтыя вершы мелі дзе якой культурны ўплыў на нашых песняроў". Вось які комплекс задач уск-ладваў на сябе М. Багдановіч. Праз два гады паэт сціпла пада-гуліць плён сваёй працы ў гэтым кірунку: "М. Багдановіч так-сама дбаў аб развіцці верша і даў колькі "нанізак" іх (цыклаў), новых або па тэмах, або па форме.  Сюды належаць вершы, напісаныя накшталт народных песняў, або ў старафранцузскіх формах, далей вершы аб старой Беларусі і дзе-што іншае". Нагадаем, што сярод твораў М. Багдановіча перыяду з 1911 па 1913 г. былі: "Змяіны цар" ("У цёмным небе - хараводы"), "Бура", "Я і маці", "Сэрца ные", "Санет" ("Паміж пяскоў Егі-пецкай зямлі"), "Слуцкія ткачыхі", "Трыялет" ("Мне доўгае расстанне з Вамі"), "Успамін", "Купідон" і інш.


1 2 3 4 5 6 7 [8] 9 10 11 12 13 14