КОСМАС "ВЯНКА Літаратурны каментарый да "Вянка" Максіма Багдановіча

Невялікая, сціпла выдадзеная ў 1913 г. у Вільні, у друкарні Марціна Кухты кніжка стала легендай, узорам гармони, цэлас-насці, мастацкаи дасканаласці. На яе і цяпер глядзіш як на дзіва: адкуль такая духоўная глыбіня, такая высокая краса? Тэта ж, як сведчыць сам М. Багдановіч, "кніжка зусім маладая", напіса-ная 17-20-гадовым юнаком. Кніга любімая паэтам, з якой не расставаўся ён да канца сваіх дзён - усе правіў, "даводзіў да ладу", выкрэсліваў вершы, па сутнасці, пісаў "Вянок" усё свя-домае жыццё. I, развітваючыся са светам, апошнія простыя і прасветлена-горкія словы паэт адрасаваў ёй, Кнізе, як самаму блізкаму чалавеку:

Ў краіне светлай, дзс я ўміраю, У белым доме ля сіняй бухты, Я не самотны, я кнігу маю 3 друкарні пана Марціна Кухты.

У кнізе ўвасобіўся яго паэтычны свет, непадуладны смерці, і таму Багдановічава "Я не самотны, я кнігу маю", па сутнасці, раўназначна класічнаму: "Нет, весь я не умру: душа в заветной лире мой прах переживет и тленья убежит".

"Вянок" - адна з нешматлікіх кніг у сусветнай літаратуры, якая, пазбегнуўшы тлення, з поўным правам можа насіць най-менне "кніга паэзіі", уражваючы ўсё новыя пакаленні чытачоў цэласнасцю аўтарскай асобы, шматграннасцю адлюстравання быцця, універсальнасцю паэтычнай ідэі. I гэта невыпадкова: яна не проста складалася, падборам і расстаноўкай напісаных ужо твораў будавалася як кніга, з першых вершаў яна вырастала як кніга. Па публікацыях у "Нашай ніве", "Маладой Бела-русі", іншых выданнях можна бачыць, што вершы адразу ўзнікалі цыкламі. Так, з паметамі "3 цыклю "Лясун", "Вадзянік", "Змяіны цар" друкаваліся вершы, якія пазней аб'ядналіся ў нізку "У зачарованым царстве". Цыкламі пісаліся і "Згукі бацькаў-шчыны", "Старая Беларусь", "Места", "Мадонны", і з'яўляліся яны амаль у такой паслядоўнасці, як размешчаны ў "Вянку". Мастацкая кніга непасрэдна вырастала з кнігі жыцця, увасаб-ляючы адзінства паэзіі і лесу.

Аднак нельга сцвярджаць, што ў аснову "Вянка" пакладзе-ны біяграфічны прынцып, як, напрыклад, у паэтычных кнігах А. Блока або Г. Ахматавай, хоць нізка "Каханне і смерць" і на-гадвае лірычны дзённік. Нельга таксама сказаць, што "Вянок" звязаны ў адно цэлае вобразам лірычнага адрасата, як паэтыч-ныя кнігі Дантэ або Пятраркі, хоць такі вобраз з'яўляецца і ў кнізе Багдановіча. Гэтаксама было б памылкай, відаць, сцвярджаць, што асноватворным прынцыпам "Вянка" стала ідэйна-тэматычнае адзінства, як, напрыклад, у аднайменнай паэтычнай кнізе В. Брусава; адзінства месца і часу, гісторыка-этнагра-фічнага каларыту, як у "Падарожжы на Гарц" Гейнэ, "Крымскіх санетах" Міцкевіча або "Шляху канквістадораў" М. Гумілёва. Усё гэта ёсць у "Вянку": нізкі "У зачарованым царстве", "Згукі бацькаўшчыны" і "Старая Беларусь" аб'ядноўвае адзінства гістарычнага, фальклорна-міфалагічнага каларыту, цыкл "Места" - тэма горада, "Старая спадчына" - нібы своеасаблівая "выстава" класічных формаў верша...

Аднак акрамя гэтага, у пэўным сэнсе знешняга аб'яднання, у кожным з цыклаў і ў кнізе ў цэлым ёсць еднасць глыбока ўнутраная, канцэптуальна-светапоглядная, гарманічная. Менавіта яна стварае адчуванне пругкай, жывой, рухомай цэласнасці. "Вянок" не архітэктура, не маналіт, які разбурыцца, калі дас-таць адну цагліну. Гэта цэласнасць жывога, здольнага да раз-віцця і самаўзнаўлення арганізма, дзе кожная "кветка" дыхае і расце, пераплятаецца і гарманіруе з іншымі, дзе паўтонамі і адценнямі іграюць колеры і гукі.


[1] 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33