КОСМАС "ВЯНКА Літаратурны каментарый да "Вянка" Максіма Багдановіча

Увасобленая ў старажытнай міфалогіі душа народа, нібы казачная царэўна, заснула на стагоддзі і можа знікнуць, загі-нуць, калі не будзе абуджана, "адчаравана" паэзіяй. Таму так чуйна ўслухоўваецца паэт у ледзь чутны "гул" даўняга міфа. "Чуеш гул? - Гэта сумны, маркотны лясун // Пачынае няголасна граць". 3 "гулу" пачынаецца паэзія, міф адраджаецца ў но-вай іпастасі, на нашых вачах ператвараючыся ў метафару, языч-ніцкае адухаўленне прыроды - у паэтычную ўмоўнасць.

Ці казаць, ад чаго пацямнела рака, Зашамрэлі мацней каласы I аб чым шэпча ім галасок вецярка, Што зіяе-дрыжыць на лісцёх лазняка: Кроплі слёз ці халоднай расы?

У паэзіі Багдановіча няма ўласна міфа, а ёсць "люстэрка" міфа - "люстэрка лесуна", якое ў "нязнаны свет акно... // Жыццё сабою адбівае //1 ўсё, што згінула даўно, // У цемнай глыбіні хавае". Як дакладна заўважыў I. Замоцін, паэзія Багдановіча -"асяроддзе зачараваных люстраў". Гэта адзін са скразных воб-разаў у яго паэзіі. У вершы "Возера", у іншых вершах цыкла возера - "люстэрка лесуна" не толькі злучае-раздзяляе дзве пра-сторавыя бездані - вышыню і глыбіню. Яно нібы "чацвёртае вымярэнне", грань судакранання часоў - мінулага і будучыні. На дне возера, у "залюстэркавай" прасторы спіць Мінулае, што стала міфам, - вадзянікі, русалкі, змяіны цар... У люстэрку возера адбіваюцца зоркі і месяц, ён "цягне з возера срэбныя сеці", у якіх заблыталіся русалкі; у сваю чаргу ў люстэрку месяца адбі-ваецца сонца - заўтрашняе сонца, сонца-будучыня: "Глядзіцца сонца ў люстэрка - месяц залаты". Па сутнасці, у "люстэрку лесуна" ўвесь сусвет у яго складанай прасторава-часавай узаема-сувязі. У гэтым кантэксце верш "Самнамбул" прачытваецца не проста як старонняе апісанне дзіўна-хваравітага стану лунаты-ка, а як асабістая споведзь, імкненне самога паэта пераадолець рамкі рэальнай прасторы і часу, услед за Дантэ "пайсці аж да дна" - адначасова ўвысь, па светлым месячным шляху, і ўніз, у схаваныя ад вока глыбіні быцця. Невыпадкова ў варыянтах аў-тографа размова ідзе ад першай асобы - "я".

I пайшоў я па шляху, пайшоў аж да дна;

[Агарнула мяне цішыня, глыбіна].

I цяпер я у царстве вясеннем жыву.

Бачу явь ува сне, бачу сны наяву...

Стэрэаскапічнасць бачання, люстэркавае спалучэнне дзвюх безданяў быцця - вышыні і глыбіні рассоўвае карціну паэтыч-нага свету Багдановіча, стварае ўражанне бясконцасці, бессмя-ротнасці быцця.

Тонкім паэтычным чуццём Багдановіч улоўлівае касмічную закадзіраванасць міфа, дзеянне ў якім адбываецца як бы ў двух вымярэннях - адначасна на небе і на зямлі. Вось, да прыкладу, верш "Змяіны цар", створаны паводле падання, запісанага А. Я. Багдановічам ад бабкі Рузалі:

У цёмным небе - хараводы

Сіняватых зорак,

У цёмным небе свеціць месяц

Залатым сярпом...

Мы выходзім з цесных, душных

Падзямельных норак,

На зімовы цёплы вырай

Цягнемся-паўзём.

 


1 2 3 4 5 6 7 [8] 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33