КОСМАС "ВЯНКА Літаратурны каментарый да "Вянка" Максіма Багдановіча

Нізка Багдановіча пераклікаецца з імі хіба што назвай, бо яна не пра смерць ад кахання, а пра ахвярную смерць кахаючай жанчыны-маці ў імя дзіцяці, працягу жыцця. Таму найбольш правамерна суаднясенне гэтага цыкла з вершамі рускіх паэтаў іншага плана, у прыватнасці з брусаўскім цыклам "Женщина", асабліва вершам "Habet ilia in alvo" (цікавае параўнанне ix пра-ведзена, у прыватнасці, В. Каваленкам).

У Брусава, які імкнуўся асэнсаваць таемнасць зачацця і на-раджэння як адну з найвялікшых таямніц быцця, вобраз цяжар-най жанчыны паўстае ў сімвалічна-абагульненым плане, чаму спрыяе і высокі стыль, абстрагавана-ўрачыстая лексіка:

Её движенья непроворны,

Она ступает тяжело,

Неся сосуд нерукотворный,

В который небо снизошло.

У Багдановіча жанчына-маці не ідэя, а зямны чалавек з усёй цеплынёй і непасрэднасцю вобліку і пачуццяў, са своеасаблі-вым хараством у замаруджаных рухах, унутранай чуйнасці і пяшчоце. Уражвае дзівосная праўдзівасць, тонкасць і далікат-насць, з якой беларускі паэт пранікае ў тайная тайных, як бы знутры перадае найглыбейшыя інтымныя пачуцці і перажыванні вагітнай.

Як хораша, калі дзіцё

Пад сэрцам ціха зварухнецца,

I ўраз па целу разліецца

Яшчэ нязвычнае чуццё. Душа - ў салодкім палусне, I кажуць знакі чалавечка: "Я - пценчык, ты - маё гняздзечка, Не руш, не руш, не руш мяне!"

Утвараецца новы свет, замкнёны ў сабе, патаемны, унутра-ны. Аналізуючы трыялет "Дзераўлянае яечка", А. Кабаковіч добра паказала, як у самой замкнёнай форме трыялета выяўля-ецца "закрытасць", інтымнасць суадносін маці і дзіцяці.

Закрытасць - і адначасова чуйная ўражлівасць да ўсіх знешніх падзей, якія могуць аказаць уплыў на дзіця, бо менавіта цяпер фарміруецца яго лес. Адсюль - вера ў прымхі, прыкметы, прад-казанні, страх злога вока і пракляцця ("Пракляцце вагітнай"). Багдановіч першы ў нашай паэзіі апаэтызаваў сам момант на-раджэння чалавека - роды з іх рэалістычнымі дэталямі, якія не здаюцца натуралістычнымі, бо асветлены неўміручым святлом Мадонны ("Без сіл, уся ў пату, як белы снег, блядна").

Цыкл "Каханне і смерць" мае найперш не літаратурную, а духоўна-біяграфічную аснову, няпростая дыялектыка спалучае асабіста-канкрэтнае, перажытае і быційна-ідэальнае, мастац-кае. У ім увасобілася і нязбытная, запаветная мара Багдановіча пра дзіця, прадаўжэнне роду: "Больш за ўсё на свеце жадаю я, каб у мяне быў свой дзіцёнак..." Нездарма ў першым вершы цыкла прызнанне ў каханні вырываецца ў пяшчотных словах дзіцячай забаўлянкі: "Сарока-варона кашку варыла..." У цыкле адбілася і драма сям'і Багдановічаў, трагічная наканаванасць смерці маці ў імя працягу жыцця. Калі Максіму было пяць га-доў, праз два месяцы пасля родаў, у выніку якіх развіўся туберкулёз лёгкіх, памірае маці паэта Марыя Апанасаўна. Пакінуў-шы сына-немаўля, памірае ад родаў і яго мачыха - Аляксандра Волжына. Усё гэта адбівалася ва ўражлівай дзіцячай памяці, успрымалася чуйным сэрцам, каб потым, па-мастацку трансфармаванае, стаць высокім драматычным сімвалам, гімнам жанчыне-маці.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 [32] 33