МАКСИМ БАГДАНОВІЧ - ПРАЗАІК, КРЫТЫК, ПУБЛIЦЫСТ

Разам з тым шэраг фактараў станаўлення сучаснай беларускай літаратурнай традыцыі - у першую чаргу адсутнасць «дасведчанага» ў эстэтычных пытаннях рэцыпіента, неабходнасць арыентацыі на «масавую» аўдыторыю, прыцягненне ў якасці асноўнай літаратуратворчай сілы аўтараў-самавукаў, бясспрэчна таленавітых, але не заўжды дастаткова падрыхтаваных у галіне тэорыі і тэхнікі літаратурна-мастацкай дзейнасці , - давалі М. Багдановічу-крытыку і ідэолагу развіцця нацыянальнай літаратуры справядлівую нагоду для ўзмоцненай увагі да пытанняў прафесіяналізацыі беларускага слоўнага мастацтва, вызвалення літаратурнай працы ад «налёту» аматарства (у якіх бы формах апошняе не праяўлялася - ці то ў «бязмэтнасці існавання» літаратуры, адсутнасці чытачоў, «духоўныя патрэбы» якіх яна б «праўдзіва задавальняла» [1, с. 210], ці то ў недасканаласці, неапрацаванасці формы мастацкіх тэкстаў, у другаснасці і неарыгінальнасці змястоўна-тэматычнага боку твораў і інш.).

Пад прафесіяналізацыяй слоўнага мастацтва тут разумеецца акцэнтаванне спецыфічных прыкмет літаратуры як культурнага феномена і адметнага віду чалавечай дзейнасці (з адпаведнымі патрабаваннямі да ведаў і здольнасцей суб'екта гэтай дзейнасці), а таксама дыстанцыяванне мастацкага мыслення і маўлення ад мыслення і маўлення штодзённага. Даючы шырокую фармулёўку, можна сказаць, што прафесіяналізацыя -гэта эстэтычнае самаўсведамленне літаратуры і гарантаванне яе перманентнага эстэтычнага самарэфлексавання ў далейшым, у патэнцыйна бясконцым працэсе функцыянавання нацыянальнай мастацкай традыцыі. Прасторай разгортвання прафесіяналізацыі з'яўляюцца літаратурна-крытычны і ўласна мастацкі дыскурсы ў іх цеснай спалучанасці, узаемаабумоўленасці.

Відавочна, праблема прафесіяналізацыі беларускамоўнай літаратурнай творчасці мела храналагічна лакалізаваны характар, была вырашальнай, часовай. З'яўляючыся актуальнай на працягу ўсяго XIX ст., яна перажыла свой пік у 1900-1910-я гады - на лёсавызначальным этапе нацыя- і літаратурагенезу. Па сутнасці, у перыяд нашаніўства неабходнасць прафесіяналізацыі нацыянальнага літаратурнага мастацтва, набыцця ім самасвядомасці выступіла ў якасці адной з істотных умоў афармлення беларускай літаратуры ў цэласную, паўнавартасную, жыццяздольную эстэтычную сістэму, уключаную ў еўрапейскі літаратурна-інтэлектуальны працэс.

Улічваючы, што ў мастацкай практыцы, навукова-тэарэтычнай і крытычнай дзейнасці Максіма Багдановіча ідэя еўрапеізацыі нацыянальнага мастацкага слова, уключэння беларускага пісьменства ў «агульналюдзкі» культурны pyx заўжды мела першаступеннае значэнне, цалкам заканамерным падаецца зварот крытыка да пытанняў прафесіяналізацыі як да аднаго са звенняў у праграме «надання» айчыннай літаратуры «больш еўрапейскага выгляду» [2, с. 244]. I хаця М. Багдановіч не ўжывае паняцця «прафесіяналізацыя», інтэнцыя прафесіяналізаваць нацыянальнае слоўнае мастацтва, паскорыць працэс самаўсведамлення беларускай літаратуры, набыцця ёю прыкмет высокапрафесійнасці імпліцытна прысутнічае ў Багдановічавых літаратурна-крытычных матэрыялах. Расчытанне спадчыны М. Багдановіча ў святле праблемы прафесіяналізацыі можа быць прадуктыўным для ўдакладнення наяўных на сёння ацэнак Багдановічавай дзейнасці як крытыка і даследчыка літаратуры. У прыватнасці, такі падыход дазваляе шмат у чым па-новаму зірнуць на ацэнкі, выказаныя М. Багдановічам адносна творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, вымагае зноў актуалізаваць пытанне пра метадалагічныя прынцыпы М. Багдановіча-крытыка, а значыць пра ролю і месца яго спадчыны ў станаўленні беларускага літаратуразнаўства.


1 2 3 4 5 6 7 8 [9] 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38