МАКСИМ БАГДАНОВІЧ - ПРАЗАІК, КРЫТЫК, ПУБЛIЦЫСТ

Праблема літаратурнага ўзаемадзеяння і ўплыву разглядаецца Багдановічам у непарыўнай сувязі з папярэдняй праблемай традыцый. Памылкай было б цалкам адкінуць тую вывучку, якую дае «светавая» -найчасцей еўрапейская — літаратура, заўважаў ён. Але пры гэтым, беручы ў іншых, - трымацца свайго, бо «адны жабракі могуць праз усё жыццё толькі браць» (с. 291). Клопат пра аблічча нацыянальнай літаратуры, як вядома, пралягаў для Багдановіча не толькі ў тэарэтычным рэчышчы: свае развагі ён падмацаваў шэрагам эксперыментальных вершаў «беларускага складу», у якіх арыентаваўся на паэтыку і дух народнай песні. Некаторыя з іх, як вядома, упершыню былі змешчаны ў часопісе «Узвышша» (№ 2 за 1927 г.). Гэта была не проста даніна памяці паэта, але канцэптуальнае сцверджанне новай літаратурнай суполкай сваёй арыентацыі на багдановічаўскі ўзор дзеля далейшага пераймання і замацавання школы беларускага вершаскладання. Узвышаўцы ўспрынялі эксперымент Багдановіча і яго тэарэтычныя развагі як актуальную творчую задачу. Уладзімір Дубоўка адным з першых найбольш плённа і вынікова замацаваў акрэсленую традыцыю. Менавіта ў гэтым бачыцца наватарства і значэнне Багдановіча-тэарэтыка літаратуры: ён не толькі апісаў, але згрупаваў і вылучыў праблемы, вызначыўшы перспектывы і шляхі будучага беларускага літаратуразнаўства.

 

Таццяна Вабішчэвіч (г. Мінск)

ПРАБЛЕМА ПРАФЕСІЯНАЛІЗАЦЫІ НАЦЬЮНАЛЬНАГА СЛОЎНАГА МАСТАЦТВА Ў ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫХ ПРАЦАХ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА

 

Разглядаючы ў артыкуле «Беларускае адраджэнне» (1914) асаблівасці станаўлення беларускай літаратурна-мастацкай традыцыі Новага часу, Максім Багдановіч зрабіў гісторыка-літаратурную заўвагу, якая акрэслівае праблемнае поле, да сённяшняга дня досыць адрывіста, несістэмна адрэфлексаванае айчынным літаратуразнаўствам: «Гора яе (беларускай літаратуры. - ТВ.) заключалася ў тым, - піша Багдановіч-даследчык, - што ў яе не было ані чытачоў, ані пісьменнікаў - былі толькі аматары беларускага пісьменства (вылучана намі. - Т. £.)» [1, с. 267].

Сацыяльна-гістарычныя ўмовы, у якіх адбывалася ў XIX ст. зараджэнне новай беларускай літаратуры, М. Багдановіч расцэньвае як сітуацыю «бязмэтнасці існавання»: «непісьменны народ гэтых твораў не мог ведаць, для інтэлігенцыі ж яны не былі хлебам духоўным, а толькі простым дадаткам да літаратуры польскай ці велікарускай» [1, с. 267]. «Бязмэтнасць існавання» зрабіла, паводле М. Багдановіча, «глыбокі адбітак на ўсім мінулым (маецца на ўвазе абсяг XIX ст. - Т. В.) беларускай літаратуры» і абумовіла мастацкую слабасць і аб'ектыўную абмежаванасць перспектыў тагачаснага беларускамоўнага пісьменства, своеасаблівую яго «парапрафесійнасць». «Падобнае становішча, -адзначае Багдановіч, - працягвалася да самага апошняга часу» [I, с. 267], г. зн. да перыяду, храналагічна адпаведнага перыяду дзейнасці паэта. Такое Багдановічава выказванне дае падставы лічыць, што аўтар артыкула фіксаваў пэўныя праявы вербальна-мастацкай «парапрафесійнасці» і ў беларускім літаратурным руху пачатку XX ст. Іначай кажучы, рэцыдывы «аматарскага» стаўлення да мастацкага слова ўсё яшчэ працягвалі мець месца ў пару нашаніўства - нягледзячы на тое, што сацыяльна-гістарычная сітуацыя «бязмэтнасці існавання» беларускамоўнай творчасці адышла ў мінулае і што ў першае дзесяцігоддзе XX ст. адбыліся карэнныя змены ў арганізацыйнай структуры, колькасных паказчыках і якаснай дынаміцы ідэйна-эстэтычнага развіцця маладой нацыянальнай літаратуры.

У нашаніўскую пару беларускі літаратурны працэс упершыню за некалькі стагоддзяў атрымаў прыкметы перманентнасці, недыскрэтнасці: сфарміраваліся пісьменніцкі асяродак і масавая чытацкая аўдыторыя, былі створаны інстытуты, неабходныя для стабільнай цыркуляцыі мастацкага слова ў грамадстве (перыядычныя выданні, выдавецтвы). Такім чынам, склаўся той мінімальны набор умоў, якія ёсць абавязковымі для нармальнага функцыянавання нацыянальнай літаратуры ў «прафесійным» вымярэнні - як сапраўды дзейснага чынніка «развіцця... культуры» [1, с. 210].


1 2 3 4 5 6 7 [8] 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38