МАКСИМ БАГДАНОВІЧ - ПРАЗАІК, КРЫТЫК, ПУБЛIЦЫСТ

Далей Багдановіч робіць агляд беларускай літаратуры XIX ст.: «Возникла на почве местного «патриотизма» особая «краевая» литература, главным образом польская» (с. 266). Вяршыняй яе ён лічыць паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», сярод найбуйнейшых пісьменнікаў называе яшчэ   Чачота,   Баршчэўскага,   Рыпінскага.   «Предметом   «краевой» литературы   являлось   описание   Белоруссии,   белорусской   природы, белорусского крестьянства и мелкой шляхты, их повседневной жизни и обычаев» (с. 266). У гэтыя апісанні, заўважае Багдановіч, нярэдка траплялі творы беларускага фальклору, а таксама народная гутарковая мова. Найбольш цэнны уклад у беларускую літаратуру, на думку Багдановіча, зрабіў Ян Чачот: «Искренний демократ, горячо любивший белорусский народ, он собирал и издавал произведения народного творчества, писал по-белорусски морализующего характера брошюрки... а в сборнике «Piosnki wiesniacze»   1844   г.   поместил   десятка   три   своих   белорусских стихотворений, написанных в подражание народным песням» (с. 267). Завяршаецца, на думку аўтара артыкула, перыяд «краёвай» літаратуры беларуска-польскай «Ідыліяй» Дуніна-Марцінкевіча. 1 рэба адзначыць, што Багдановічам упершыню ў XX ст. быў уведзены гэты фенаменальны тэрмін  -   «краевая»  літаратура,   які   і   цяпер  актыўна  ўжываецца даследчыкамі, бо ў ім закладзены адметнасці развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства і ён дае падставу адмяжоўваць мясцовых аўтараў ад уласна польскай літаратуры.

Багдановіч спыняецца і на значэнні рукапіснай літаратуры, піша, што аблічча яе змянілася: стала больш гумарыстычных твораў. Аднак ён выразна бачыць і праблемы: аматарскі ўзровень, адсутнасць прафесіяналізму і адсутнасць чытача. Слабасць гэтых твораў, гаворыць Багдановіч, «объясняется бесцельностью их существования: безграмотный народ этих произведений не мог знать, для интеллигенции же они не были хлебом духовным, а лишь простым привеском к литературе польской или великорусской» (с. 267). Аднак гэта не перашкаджала з'яўляцца дасціпным беларускім творам, піша ён далей, адзначаючы бясспрэчную літаратурную вартасць напісанай у 40-я гады «остроумной шуточной» паэмы «Тарас на Парнасе».

Асобнае месца ў нарысе займае постаць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які сваімі творамі, найперш такімі як «Гапон», «Вечарніцы», значна прасунуў наперад развіццё беларускай літаратуры. Багдановіч сцісла падае жыццяпіс пісьменніка, пералічвае яго творчыя набыткі пасля «Ідыліі» - «целый ряд белорусских поэм», аднак крытыкуе за мастацкую недасканаласць: «Писатель грузный и тяжеловесный, сосредоточившийся исключительно на эпосе, Марцинкевич писал стихом неизящным и неповоротливым, сплошь отступающим от требований белорусской просодии (влияние польских образцов). Можно даже сомневаться, был ли он вообще поэтом... Однако заслуги Марцинкевича перед белорусской литературой лежат все же не в области художественных достижений, а в области чисто исторической. Они в том демократизме, который веял от сентиментально-народнических поэм Марцинкевича, в той гуманизаторской тенденции, которая явственно проступает из каждой строки... Наконец, ...много писав и много печатая, он возбуждал вокруг своих произведений разговоры и полемику, напоминая о существовании белорусского языка и зародышей белорусской литературы, наводил на вопрос о возможности их дальнейшего развития» (с. 269).

Заўважна супярэчлівасць ацэнкі, дадзенай Багдановічам Дуніну-Марцінкевічу: з аднога боку, буйны талент, які ўплываў на развіццё літаратуры, быў «цэнтрам пісьменніцкага кружка», з другога -недасканалы майстра. Усё ж, відаць, Багдановіч недаацаніў талент Навума Прыгаворкі, адводзячы яму толькі гістарычную ролю. Сапраўды, як паэт-эпік Дунін-Марцінкевіч працаваў у рэчышчы прывычнай і традыцыйнай на той час польскай сілабікі, дапоўненай акцэнтна-танічнымі здабыткамі народнай творчасці. Гэта натуральная з'ява для свайго часу і ў гэтых межах вызначаюцца крытэрыі яе мастацкасці. Для Багдановіча, відавочна, узорам служыў добра распрацаваны на той час рускі класічны сілаба-танічны верш, чаго, натуральна, не мог прадэманстраваць сваей творчасцю аўтар «Гапона», не бачачы тут роднаснай для сябе традыцыі і глебы для пераймання.


1 2 3 4 [5] 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38