МАКСИМ БАГДАНОВІЧ - ПРАЗАІК, КРЫТЫК, ПУБЛIЦЫСТ

Існуе слушнае меркаванне, што праверкай «на вартасць», на жыццяздольнасць як для мастацкага твора, так і для літаратуразнаўчага даследавання з'яўляецца час. Толькі час здольны выявіць аб'ектыўнасць, справядлівасць або, наадварот, памылковасць тых ці іншых меркаванняў, прагнозаў і ацэнак. Вось менавіта гэты строгі суддзя - час даўжынёю ў шмат дзесяцігоддзяў - выносіць свой вердыкт: заўвагі, думкі, прапановы, даследчыцкія прынцыпы і метады М. Багдановіча не толькі не састарэлі, а па-ранейшаму з'яўляюцца актуальнымі і аб'ектыўнымі.

Відавочна, што на ўвазе М. Багдановіча-крытыка найперш была ўвага да творчай індывідуальнасці мастака. Гэта абумоўлівалася, несумненна, разумением, што духоўныя каштоўнасці ствараюцца ўнутры кожнай асобы, а не ўкараняюцца звонку, і натуральна вьіяўляюцца ў творчым працэсе. Да асэнсавання заканамернасцей развіцця літаратуры, яе ўнутраных законаў, узаемадзеяння зместу і формы М. Багдановіч ішоў праз аналіз канкрэтных твораў, праз спасціжэнне самабытнасці індывіду-альнага свету творчай асобы. Даследчык напрамую выводзіў абумоўленасць стылю мастацкім метадам, агульнымі прынцыпамі засваення рэчаіснасці, падкрэсліваў залежнасць стылю ад характару творчай індывідуальнасці пісьменніка, яго светапогляду і асаблівасцей мастацкага таленту.

Паказальным   з'яўляецца,   напрыклад,   артыкул   М.   Багдановіча «Памяти Т. Г. Шевченко», дзе ўвага завастраецца на самых адметных чынніках духоўнага свету ўкраінскага паэта. Робячы акцэнт на ідэйных сэнсах, што ўрэчаўляліся ў творах Т. Шаўчэнкі («в ней [паэзіі. - Л. А.] ряд последовательных идеологических напластований»; «идею национального блеска и величия украинского народа сменяет идея о необходимости его социально-политического раскрепощения» і інш.), крытык падкрэслівае, што «мысль Шевченко никогда не была прикована исключительно к социально-политическим   проблемам.   Он   умел   подойти   к   жизни украинского села как просто человеческой жизни, умел найти там и красоту, и любовь, умел дать место и радости, и грусти, и жалости, и состраданию» [4, с. 247]. Пафас і вобразнасць паэзіі арганічна звязваюцца даследчыкам з унутраным светам мастака: «Удивительною душевною нежностью и внимательностью к человеку дышат эти произведения, представляющие собой целую полосу в творчестве Шевченко. «Зоре моя вечірняя», «світе ясний, світе тихий», «...цвіте новий, нерозвитий цвіте», «хмаронька», «сонечко», «пташечка» - эти слова и выражения, столь обычные у него, пусть хоть намекнут читателю на характер этих выражений» [4, с. 247]. М. Багдановіч, як відаць, з вялікай пільнасцю ставіцца да асобных слоў і выразаў, уласцівых творцу, імкнецца вылучыць прыроду арыгінальнага і фенаменальнага ў яго стылі, засяроджвае ўвагу на эмацыянальнай арганізацыі твораў. Як заўважаў А. У. Чычэрын, «першы прынцып літаратуразнаўчага вывучэння мовы мастацкіх твораў - у глыбокім разуменні сувязі мовы і думкі, у разуменні таго, што ў будове маўлення, у эпітэтах, метафарах, параўнаннях, ва ўстойлівых асаблівасцях сінтаксісу, ва ўсім гэтым выяўляецца характэрнае для аўтара ўспрыманне жыцця, разумение чалавека і грамадства» [5, с. 21]. Відавочна, што прырбду таленту Шаўчэнкі, густ і мастакоўскую манеру, вобразную эстэтыку яго паэзіі М. Багдановіч спасцігае менавіта праз пільнасць да індывідуальнасці творцы, да шматлікіх асаблівасцей духоўнага свету творчай асобы. А ўжо гэтае асэнсаванне псіхалогіі творчасці мастака слова, у сваю чаргу, адкрывае перад даследчыкам новыя далягляды - дае магчымасць беспамылкова вызначыць месца і ролю ўкраінскага кабзара ў агульналітаратурным  працэсе і ў нацыянальнай літаратуры:  «Таким образом, Шевченко в украинской литературе является не тем, чем был Кольцов в русской или Берне в английской. Нет, охват его поэзии много шире и ставит его на то место, которое в России, например, занимает Пушкин, а в Польше - Мицкевич» [4, с. 243].


1 [2] 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38