МАКСИМ БАГДАНОВІЧ - ПРАЗАІК, КРЫТЫК, ПУБЛIЦЫСТ

Есць у Максіма Багдановіча, выдатнага знаўца фальклору, невялікае эсэ «Сон-трава», дзе аўтар распавядае пра тое, як з'явіліся казачнікі на нашай зямлі.

Дагістарычныя часы міжледніковага перыяду і паганскай даўніны адкрываюцца ў навелах Янкі Сіпакова «Хуткія Ногі» і «Сляза Перуна», блізкіх да апавяданняў, эсэ і мініяцюр Максіма Багдановіча лірычнымі выявамі мастацкай рэальнасці, напоўненай светлай энергетыкай.

Аднак сюжэты Максіма Багдановіча звязаны пераважна з эпохай хрысціянства і падзеямі не такімі далёкімі па часе, як у творах Янкі Сіпакова, які спрабуе разгледзець гісторыю роднага краю «за смугою» (так названы першы раздзел кнігі «Вецер на даху вагона») яшчэ дахрысціянскіх стагоддзяў. Асаблівая ўвага пісьменніка скіравана да падзей, якія адбываюцца паміж Дняпром і Друццю, у Вялікім княстве Літоўскім, а найперш Друцкім.

Гістарычна-дакументальную аснову маюць апавяданні Янкі Сіпакова «Зубрэвіцкая сага» і «Дажджом». Абапіраючыся на летапісныя крыніцы, аўтар узнаўляе лёсавызначальныя старонкі гісторыі, звязаныя з падзеямі, што адбываліся ў XIV-XV ст. у Вялікім княстве Літоўскім і Друцкім, у прыватнасці з бітвай пад Ашменай, калі галоўны герой Мітка Сякіра (князь Дзмітрый Зубрэвіцкі), фігура вельмі жывапісная і каларытная, пападае ў палон да Жыгімонта. Узаемаадносіны паміж пераможцам і палоннікам выглядаюць дакладна псіхалагічна матываванымі. Пастаянныя разборкі паміж тымі, хто каля ўлады, а таксама праваслаўнымі і католікамі прыводзілі да міжусобных войнаў, аслаблялі Вялікае княства Літоўскае.

Рэха далёкіх і блізкіх стагоддзяў усё мацней перагукваецца ад твора да твора ў названай кнізе Янкі Сіпакова і паступова набліжаецца да XIX і ХХстст. Сведчаннем - лірычна-драматычнае апавяданне «Дажджом», змест якога складаюць эпізоды з жыцця герояў, звязаных з удзелам у паўстанні 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Галерэя літаратурных партрэтаў, распачатых Максімам Багдановічам у літаратурна-крытычных артыкулах («Памяці Т. Р. Шаўчэнкі», «Адзінокі» (прысвечаны М. Лермантаву), «Іван Франко» і інш.), працягваецца ў эсэ Янкі Сіпакова («Адам і Марыля», «Тое лета», «Сцяжынкай Зубрэвічы -Ляўкі»), прысвечаных памяці Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы.

Тры эсэ, як і ўсе творы з другой часткі «Сёння і заўсёды» кнігі Янкі Сіпакова, пра якую ідзе размова, характарызуюцца асаблівасцямі мемуарна-дакументальнага жанру: найперш рэтраспекцыяй, пераасэнса-ваннем некаторых лёсавызначальных падзей і фактаў у жыцці вялікіх людзей, аўтабіяграфізмам, прысутнасцю аўтарскага «я».

Нельга абысці ўвагай яшчэ два эсэ Янкі Сіпакова: «Хата» і «Экстаз» (у кнізе «Ахвярны двор», прысвечаныя Т. Р. Шаўчэнку і А. С. Пушкіну). Гэтыя паэтычныя, усхваляваныя старонкі гістарычна-мемуарнага аповеду пра жыццё геніяльных людзей, напісанага як бы на адным дыханні, вельмі блізкія па стылю да лірычнай прозы Максіма Багдановіча.

Адно з асноўных месцаў у эстэтыцы абодвух пісьменнікаў займае тэма Красы як найвышэйшага вымярэння значнасці чалавечай душы, не пазбаўленай адчування прыгажосці, здольнай адгукацца на радасць і боль, спяваць і плакаць, - душы, якая змяшчае ў сабе непаўторны, неабсяжны свет. Прыкладам - «Музыка», «Апокрыф», «Апавяданне аб іконніку і залатару», «Шаман», «Няшчасны выпадак» Максіма Багдановіча, навелы «Хуткія Ногі», «Сляза Перуна», «Паморак» Янкі Сіпакова.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 [14] 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38