МАКСИМ БАГДАНОВІЧ - ПРАЗАІК, КРЫТЫК, ПУБЛIЦЫСТ

Даследчыкі, у прыватнасці Міхась Мушынскі, сцвярджаюць (з імі нельга не пагадзіцца), што пісьменнік мог быць знакамітым празаікам, але празаічныя творы заставаліся ў цяні, бо на першым плане заўсёды была паэзія. Сёння мы бачым, што проза Максіма Багдановіча валодае магутным творчым патэнцыялам. Як засведчана часам, не толькі паэзія, але і проза на працягу сотні гадоў з'яўляецца крыніцай натхнення і стартавай пляцоўкай для ўзлёту маладых талентаў. Гэта вывераны цягам доўгіх дзесяцігоддзяў падмурак, на якім грунтуецца мастацкая мадэль навакольнага свету нацыянальнай літаратуры на сумежжы XX і XXI стст.

Вось чаму так шмат тыпалагічнай тоеснасці адкрываецца ў розных жанрах літаратуры класічнай і сучаснай, літаратуры пачатку і канца XX ст. У паэзіі і прозе можна сустрэць наследаванне і перайманне, прамое запазычанне і пэўныя рэмінісцэнцыі з твораў класічнай літаратуры. Цвёрдыя формы страфы прысутнічаюць, мусіць, у вершах амаль кожнага з паэтаў рознага ўзросту.

Сучасная беларуская проза, як і паэзія, працягваючы літаратурныя традыцыі, засведчыла пошукі жанрава-стылявой разнастайнасці. У ёй рэалістычнае, а часам і натуралістычнае ўспрыманне свету пераплятаюцца з рамантычна-ўзвышаным, яна поўніцца лірьпмам, драматызмам і трагізмам.

На планеце, дзе не спыняюцца войны, тэрор, дзе, нібы на вулкане, кіпіць варожасць, літаратура ва ўсе часы бачыла сваю місію ў выхаванні грамадскай свядомасці згодна з прынцыпамі хрысціянскай маралі, у абуджэнні   пратэсту   супраць   жорсткасці,   бесчалавечнасці,   гвалту.

Сведчаннем - лірычная, а ў многіх выпадках і трагічная, проза Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Максіма Гарэцкага, Міхася Зарэцкага, Міхася Лынькова, Яна Скрыгана, Сяргея Грахоўскага, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Аіеся Адамовіча, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Івана Навуменкі, Міхася Стрельцова, Івана Шамякіна.

Як у класічнай, так і ў сучаснай прозе засведчана тэматычная і жанрава-стылявая разнастайнасць. Тут, акрамя іншага, можна сустрэць апавяданні, навелы, эсэ, мініяцюры, прытчы, нарысы. Найбольш важнымі канцэптамі, агульнымі для літаратуры класічнай і сучаснай, з'яўляюцца:

1)  зацікаўленасць да гісторыі роднага краю, культурнай спадчыны,
фальклорнага багацця беларускага народа і яго родавых каранёў, да
постацяў гістарычных асоб, грамадскіх дзеячаў, мастакоў, пісьменнікаў

мінулых стагоддзяў;

2)  услаўленне высокай Красы ў прыродзе і мастацтве, яе непасрэднае
дачыненне да духоўнага свету асобы і грамадства.

Апафеозам нацыянальнага адраджэння напрыканцы 1980 - пачатку 1990-х гадоў сталася «Пагоня» Максіма Багдановіча. Менавіта яго творы стаяць ля вытокаў сённяшняй гістарычнай прозы, у розных жанрах якой плённа працуюць Уладзімір Арлоў, Вольга Іпатава, Віктар Казько, Валянціна Коўтун, Вітаўт Чаропка і інш., у свой час працаваў Уладзімір Караткевіч.

Аднак уяўляецца мэтазгодным абмежаваць наш тыпалагічны дослед празаічнымі творамі Максіма Багдановіча і Янкі Сіпакова, у прыватнасці яго кнігай «Вецер на даху вагона» (2003 г.).

У іх творах шмат тыпалагічных паралеляў, у чымсьці падобныя нават біяграфіі пісьменнікаў. У раннім дзяцінстве застаўся без маці Максім Багдановіч, вайна асіраціла Янку Сіпакова, бацькі якога былі расстраляны за сувязь з партызанамі.

Напэўна, Янка Сіпакоў таксама мог быць знакамітым празаікам, калі б проза яго не хавалася ў цяні паэзіі, з якой пачыналася творчая біяграфія.

Творы абодвух пісьменнікаў блізкія жанравымі аналагамі «малой» прозы, адметнасцю стылю: узрушанасцю аповеду, вытанчаным лірызмам нават у выявах самых драматычных стасункаў чалавечага жыцця, «кінематаграфічнай» нагляднасцю разгортвання падзей, спалучэннем рэальнасці і мары, фантазіі, міфалагізмам, глыбокім псіхалагізмам, аутарскай «прысутнасцю». У іх ёсць нават падобныя сюжэты (апавяданні Максіма Багдановіча «Няшчасны выпадак» і Янкі Сіпакова «Вецер на даху вагона»).


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 [13] 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38