МАКСИМ БАГДАНОВІЧ - ПРАЗАІК, КРЫТЫК, ПУБЛIЦЫСТ

I для сучасных даследчыкаў літаратурна-крытычнай спадчыны М. Багдановіча жорсткасць некаторых выказванняў пра Янку Купалу ў артыкуле «Глыбы і слаі» застаецца складаным для інтэрпрэтацыі момантам і найчасцей прызнаецца Багдановічавай памылкай: крытык недаацаніў асобныя раннія творы Купалы, не да канца зразумеў адметнасць купалаўскага рамантычнага таленту. Непрыхільнае Багдановічава стаўленне М. Мушынскі вытлумачвае прыналежнасцю аўтара «Глыбаў і слаёў» да культурна-гістарычнай школы, што «не прымала... эстэтычную крытыку, у якой адсутнічаў гістарычны пачатак», і ў адмоўным ключы трактавала «рамантычныя формы мастацтва» як «паэтычную адвольнасць, штучнае канструяванне вобраза рэчаіснасці», а не «рэалістычна-канкрэтны паказ жыцця» [5, с. 170]. «Багдановіч-крытык ацэньваў вершы Я. Купалы з іншых метадалагічных пазіцый, чым іх аўтар», - падкрэслівае даследчык [5, с. 165].

Між тым у «Глыбах і слаях» М. Багдановіч «канцэнтруе ўвагу на эстэтычнай ацэнцы літаратуры» [3, с. 33] і крытыкуе найперш мастпацка-формавы бок твораў, які для прадстаўнікоў культурна-гістарычнай школы не быў прыярытэтным пры разглядзе літаратурных з'яў. У «Глыбах і слаях» паэт-крытык дае рэдкую для беларускай літаратурна-крытычнай прасторы перыяду нашаніўства спробу іманентна эстэтычнага мікрааналізу твораў. Купалаўскія вершы перыяду «Жалейкі», паводле М. Багдановіча, «залішне расцягненыя, слаба апрацаваныя з боку формы і мовы» [1, с. 186]. Закіды ў «шурпатасці» датычаць спосабу і сродкаў арганізацыі ўнутранай будовы вершаванага тэксту і аніякім чынам не закранаюць і не прыніжаюць рамантычнага светапогляду Янкі Купалы, не адмаўляюць высокага сацыяльна-гуманістычнага зместу купалаўскай паэзіі. (Дарэчы, М. Багдановіч адразу ж і апраўдвае перад чытачамі паэтава дараванне: «Захоплены абразом прападаючай Беларусі і лічачы, што пясняр перш за ўсё павінен быць грамадзянінам, ён усю ўвагу звяртаў на тое, што казаў, не цікавячыся зусім, у якія формы і як выліваліся яго думкі» [1, с. 186]). Суровая Багдановічава крытыка скіраваная, такім чынам, супраць недапрацовак тэхнічна-версіфікацыйнага кшталту, формавага «нядбаль-ства» - рэцэдываў слабасці нацыянальнай прафесійнай традыцыі. Для мастака такой магутнасці, «незвычайнасці паэтычнага таленту», як Янка Купала, малая ўвага да тэхнікі верша, да прафесійнай шліфоўкі паэтычнай мовы, лічыць М. Багдановіч, недазваляльная.

На нашу думку, Багдановічавы эстэтычныя ацэнкі «жалейкаўскай» дзейнасці і паасобных вершаў Янкі Купалы, закранутых у «Глыбах і слаях», маюць дастаткова аб'ектыўны, а не суб'ектыўна-заніжаны характар. Сам Купала прызнаваў, што ў пачатковы перыяд «пісаў простыя вершы ў народным стылі» [13, с. 268]. Як сучаснік Купалы, Багдановіч не адчуваў перад ім таго піетэту, які ўласцівы нашаму сённяшняму ўспрыманню, а таму без прыхарошвання адзначыў і станоўчыя бакі, і хібы творчасці будучага класіка. Крытык паказаў разгортванне Купалавага таленту, звярнуў увагу на патэнцыйныя магчымасці паэта, справядліва падкрэсліў, што з-пад «шэрай кары «Жалейкі» пачынае прабівацца вонкі вялікая «краса і моц» [1, с. 187]. Адзначым да таго ж, што годам раней у артыкуле «Беларуская літаратура ў 1909 гаду» С. Палуян (праўда, у менш разгорнутай і таму, магчыма, больш мяккай форме) таксама раіў Янку Купалу пільна «глядзець за сваім паэтычным развіццём», «акуратна абдумваць» і «артыстычна апрацоўваць» [8] вершы: М. Багдановіч, такім чынам, не быў адзіным у крытычным трактаванні некаторых ранніх твораў Купалы. Галоўная ж прычына таго, што М. Багдановіч вытрымлівае строгую манеру выказвання, падрабязна разглядае недахопы купалаўскай паэзіі (як і паэзіі Коласа ў тым самым аглядзе), а станоўчыя моманты толькі канстатуе, звязаная, на наш погляд, з устаноўкай крытыка на дынамізацыю эстэтычных пошукаў і прафесіяналізацыю нацыянальнага слоўнага мастацтва. Дасягнуць больш хуткага прафесійнага сталення беларускай літаратуры было немагчыма без публічнага абгаворвання «балючых» праблем яе развіцця, адна з асноўных сярод якіх - слушна заўважаная М. Багдановічам - слабасць, недасканаласць мастацка-формавай апрацоўкі вершаванай мовы.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 [11] 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38