МАКСИМ БАГДАНОВІЧ - ПРАЗАІК, КРЫТЫК, ПУБЛIЦЫСТ

Першае выступление Максіма Багдановіча ў якасці беларускага крытыка адбыўся, як вядома, у 1911 годзе, калі на старонках «Нашай нівы» быў надрукаваны хрэстаматыйны сёння артыкул «Глыбы і слаі: Агляд беларускай краснай пісьменнасці 1910 г.». Аналіз Багдановічавай працы ў кантэксце нашаніўскіх публікацый 1907-1911 гг., датычных «жывога» літаратурнага працэсу, выяўляе некалькі паказальных акалічнасцей у падыходзе М. Багдановіча да крытычнай дзейнасці.

Па-першае, Багдановічаў агляд меў аб'ём значна большы за ўсе літаратурна-крытычныя матэрыялы (няхай і вельмі нешматлікія), змешчаныя ў «Нашай ніве» да таго часу. Рэдакцыя газеты вымушана была падзяліць публікацыю на некалькі частак, размясціўшы артыкул М. Багдановіча ў трох паслядоўных нумарах. Калі ўлічыць, што пастаянны недахоп месца ў газеце вымушаў усіх аўтараў «Нашай нівы» падладжвацца пад яе фармат і, галоўнае, пад папулярны стыль выкладу (выданне арыентавалася ў першую чаргу на «масавага» народнага чытача), тая акалічнасць, што аўтар «Глыбаў і слаёў» не зрабіў істотнай стылёва-формавай «падгонкі», а падышоў да справы напісання артыкула прынцыпова, кіруючыся найперш сваімі прафесійнымі перакананнямі даследчыка і крытыка, сведчыць пра пастуліраванне М. Багдановічам ідэі апрычонасці, самадастатковасці працы па «агляданні» беларускага прыгожага пісьменства, рэфлексіі над літаратурным працэсам. Гэта, безумоўна, ужо ёсць пэўны крок насустрач прафесіяналізацыі нацыянальнай літаратуры.

Па-другое, прыход Максіма Багдановіча на літаратурна-крытычную ніву (як некапькімі гадамі раней на паэтычную) не абышоўся, мяркуючы па ўсім, без узнікнення дыскусій у рэдактарскім калектыве «Нашай нівы». Звязана гэта было  з  інтэлектуальнай  спеласцю  і  арыгінальнасцю Багдановічавых   поглядаў.   Яны   выбіваліся   з   агульнага   рэчышча тагачаснай     беларускай     літаратурна-мастацкай     думкі,     моцна зацэнтраванай на прасоўванне ў грамадстве нацыянальна-адраджэнскіх ідэй. Нездарма, друкуючы агляд «Глыбы і слаі», выдаўцы газеты змясцілі разам з ім наступную заўвагу «Ад рэдакцыі»: «Пасьля стацей аб нашых пісьменьніках, друкаваных у №№ 38, 40 і 43 «Нашае нівы» ў тым гаду, мы даем мейсцэ працы аб іх нашага пастаяннаго супрацоўніка М. Б., каторы, ўзіраючыся на іх з боку літаратурнай вартасьці іх твороў, выказывае неколькі новых, індывідуальных поглядоў (вылучана намі. -Т. В.) на нашу красную літэратуру» [12]. Ужо сама наяўнасць такога кшталту рэдакцыйнай агаворкі ўскосна сведчыць пра «няўпісванне» (або недастатковае ўпісванне)  выказаных М.  Багдановічам літаратурных ацэнак у  той   «вобраз» маладога нацыянальнага пісьменства, які быў створаны публікацыямі нашаніўскіх крытыкаў Уладзіміра Самойлы і Альгерда Бульбы. Вонкавая прычына «неадпаведнасці» М. Багдановіча-крытыка нашаніўскаму літаратурна-крытычнаму   кантэксту   ляжыць, думаецца, у непадтрыманні Багдановічам агульнага мажорна-ўхвальнага тону апублікаваных да таго рэцэнзій на творы Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У сваіх публікацыях У. Самойла і А. Бульба даюць вельмі абагульнены малюнак адроджанай беларускай літаратуры. Для аўтараў рэцэнзій было актуальным найперш завастрэнне ўвагі на самім факце з'яўлення ў беларускага народа «сваіх «пячальнікаў» (У. Самойла), «песні» якіх - «праўдзівы, непадроблены голас, што выходзіць з самай народнай душы» [7], раскрыць значнасць паэзіі Купалы і Коласа для справы беларускага нацыянальнага адраджэння. Менавіта таму абодва рэцэнзенты засяроджваюцца на бясспрэчна станоўчых баках зместу купалаўскіх і коласаўскіх вершаў: гуманістычна-дэмакратычнай напоўненасці, глыбокай народнасці, «праўдзе, веры ў будучыню. бодрасці, глыбокім самапазнанні» [9], «мужыцкай гордасці», «любові да роднай зямлі», «цярпенні за мільённы народ» [10] і інш. Ацэнка формы вершаў, за выключэннем некалькіх вельмі кароткіх станоўчых заўваг («Верш Коласа адзначаецца прастатой, мысль сваю выказывае ён каротка, ясна» [10]; «У кароткім вершы маем колькі абразоў, гарманійна зліваючыхся ў адзін, каторы малюе пуцяводную думку», «У пекнай і індывідуальнай форме напісаны верш Купалы «Замковая гара». Форма яго - кароткая, выразная, добра апрацаваная...» [11]), адсутнічае.

Абагульнена-ўхвальны тон літаратурна-крытычных публікацый У. Самойлы і А. Бульбы можа быць патлумачаны не толькі слабой на той час развітасцю беларускай літаратурнай крытыкі, але найперш аб'ектыўнай неабходнасцю, а таксама асабістым імкненнем рэцэнзентаў замацаваць сацыяльныя і мастацкія пазіцыі маладога нацыянальнага пісьменства ва ўнутрыбеларускай і транснацыянальнай прасторы, стварыць на дадзеным этапе яго развіцця станоўчы кантэкст, спрыяльную глебу для росту. Такія інтэнцыі былі не чужыя і М. Багдановічу-адраджэнцу. У прыватнасці, у адным з лістоў у рэдакцыю «Нашай нівы» ён у напаўжартаўлівай форме адзначае, што цалкам вытрымаў свой уступны артыкул да перакладаў беларускай прозы на рускую мову «ў стылі «гром победы раздавайся» [2, с. 250].


1 2 3 4 5 6 7 8 9 [10] 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38