ВЯРТАННЕ СКАРБАЎ

Але на самай справе мастацкі вобраз і філасофскае паняцце народа не ёсць «гэтамінутная» эмпірычная рэальнасць, а сацыяльна-гістарычнае і духоўнае быццё нацыі ў трох часавых вымярэннях — мінуўшчыне, сучаснасці і будучыні. Разглядаючы народ і нацыю ў іх гістарычным развіцці, мы можам з упэўненасцю сказаць: калі сёння высокія мастацкія і, шырэй, духоўныя каштоўнасці яшчэ «не для народа» (такое меркаванне вельмі адноснае, няпоўнае), то заутра, у блізкай ці далёкай будучыні, яны абавязкова стануць важным складальнікам духоўнага свету народа.

Акрамя таго, народ не ёсць нейкая аднародная маса, а складаная сацыяльна-культурная сістэма этнасу, дзе сярод людзей звычайных ёсць выдатныя, таленавітыя асобы, якія на працягу стагоддзяў стварылі высокае і па-свойму надзвычай складанае мастацтва — фальклор. Урэшце, народная інтэлігенцыя, да якой належалі стваральнікі нацыянальнай літаратуры ды іншых відаў творчасці, таксама ёсць частка народа — яго духоўная эліта. Народный казачнікі, песняры пры іншых, больш спрыяльных умовах маглі б стаць прафесіянальнымі паэтамі і мастакамі.

I калі мы цяпер, з улікам гэтай гістарычнай дыялектыкі паняццяў «народ — інтэлігенцыя — духоўная творчасць», паглядзім на вершы М. Багдановіча, якія ледзь было не забракавалі ў «Нашай ніве», то акажацца, што яны куды бліжэй да свядомасці народа, чым да абмежаванага вопыту некаторых інтэлігентаў-народнікаў. У 1909 годзе па ініцыятыве С. Палуяна на старонках «Нашай нівы» з'явіліся ледзь не спісаныя «ў архіў» вершы «Лясун» («Прывольная,  цёмпая   пушча...»),   «Хрэсьбіны лесуна», «Асенняй ночай», «Пугач», «Цемень», «Над возерам», «Вадзянік» — раннія шэдэўры пейзажнай лірыкі Багдановіча, створаныя на аснове мастацкага пераасэнсавання пароднай міфалогіі. Вобразы гэтыя жылі ў народных паэтычных уяўленнях. Вось, напрыклад, верш «Над возерам»:

Соица ціха скацілася з горкі;

Месяц белы заплаканы свеціць,

Аглядае бахматыя зоркі,

Цягне з возера срэбныя сеці.

У іх русалкі заблыталі косы,—

Рвуць і блутаюць срэбныя ніці;

Ноч плыве над зямлёй, сее росы,

Ноч шапоча русалкам: «Засніце».

Перад намі — выдатны паэтычны накцюрн у нашай паэзіі. Словы-вобразы тут пераходзяць у гукі музыкальнага твора. Першая страфа — экспазіцыя: як быццам нябесныя духі спусціліся на зямлю і ўдыхнулі трапяткую душу ў начны ландшафт. Смелая паэтычная метафара — белы, «заплаканы месяц», які цягне з возера «срэбныя сеці»,— набывае міфалагічнае аблічча начнога рыбака і музыкі. У яго сецях-промнях заблыталіся русалкі, што выплылі з водных глыбінь, зачараваныя прывідным месячным святлом. iх вобразы прыўносяць у гармонію ціхай летняй ночы сумна-элегічны матыў. Русалкі ў паэтычным народным уяўленні — душы пакрыўджаных дзяўчат-самагубак, якія, паводле паэтычнага міфа, не знайшлі спакою на «тым свеце» і вечна блукаюць на мяжы быцця і смерці. Ноч, што плыве над зямлёю і сее жыццядайныя росы, быццам бы на нашых вачах пераўвасобілася ў воблік русалчынай маці. Яна схілілася над няшчаснымі дочкамі. Яна не можа вярнуць ім жыццё і даць шчасце, але сваім заклінаннем — «Засніце» — пасылае ім вечны спакой.


1 2 3 4 5 [6] 7 8 9 10 11 12