ВЯРТАННЕ СКАРБАЎ

Мабыць, чытач прабачыць мне гэтыя выпісы з цяпер ужо вядомых успамінаў. Але ж падзеі, якія ў іх апісаны, зрэшты, і характэрная для «сацыялагічных» 20-х гадоў іх інтэрпрэтацыя аўтарам успамінаў,— паслужылі своеасаблівай прэлюдыяй, хутчэй крыху смешнаватай, чым трагічнай, да болып драматычнай тэмы: Багдановіч у люстэрку крытыкі і грамадскай свядомасці з часоў «Нашай нівы» да сучаснасці. Справа зусім не ў Ядвігіне III. і не ў Альберце Паўловічу, па-свойму шчырых беларускіх адраджэнцаў, людзей нялёгкага лёсу. Ядвігін Ш. (Атон Ля-віцкі) быў здольным белетрыстам і публіцыстам, закончыў гімназію і нават спрабаваў вучыцца на медыцынскім факультэце, пазней працаваў памочнікам аптэкара ў Радэшковічах і сельскім гаспадаром. А. Паўловіч, паводле ўспамінаў яго дачкі Тамары Паўловіч-Кліменка, «закончыў толькі чатырохкласнае гарадское вучылішча, пасля чаго працаваў... спачатку канторшчыкам, потым памочнікам бухгалтара і, нарэшце, бухгалтарам». У вольны ад працы час займаўся паэзіяй, быў яшчэ аматарам-жывапісцам, а «над настрой, і толькі ўлетку, вышываў ваўнянымі ніткамі вялікія дываны з адлюстраваннем розных краявідаў». Ядвігін Ш. і А. Паўловіч мелі вялікія сем'і, выводзілі, як маглі, сваіх дзяцей у інтэлігенты, нават вучылі музыцы і французскай мове. У літаратуры яны маглі спаборнічаць хіба ніто з Адамам Ягоравічам Багдановічам, але не з яго геніяльным сынам. I варта здзіўляцца не таму, што яны не адразу зразумелі паэтычныя адкрыцці Багдановіча, а хутчзй таму, якім чынам яны ды іншыя нашаніўцы так прафесіянальна пісалі па-беларуску, падняўшыся вышэй звычайнага аматарства.

У нападках на «дэкадэнцкую» паэзію Багдановіча вінаваты не яны, па натуры людзі добрыя, літаратурныя падзвіжнікі, а тагачасная ўсерасійская легенда пра «дэкадэнтаў» і сімвалістаў. У пачатку нашага стагоддзя размовамі пра дэкадэнтаў поўніўся ўвесь друк — правы, левы і памяркоўны. I не толькі правінцыйны, але і сталічны. У «дэкадэнты» залічвалі паэтаў Валерыя Брусава, Аляксандра Блока, Андрэя Белага, пазней Канстанціна Бальмаыта, Мікалая Гумілёва, Уладзіслава Хадасевіча, нават празаіка Леаніда Андрэева. Ужо ў новую, паслякастрычніцкую эпоху ў «дэкадэнтках» хадзілі Анна Ахматава і Марына Цвятаева. Пра дэкадэнцтва ў рускай літаратуры шмат напісалі не толькі журналісты, але і літаратуразнаўцы з акадэмічнымі званнямі і навуковымі ступенямі.

У наш час барацьба з «дэкадэнцтвам» паступова затухае, хоць усё яшчэ часам тлее пад попелам былых сацыялагічных баталій. У прадмове да кніжкі Валерыя Брусава «Выбранае» (М., 1979. С. 7) М. Трыфанаў пісаў: «Вандруючы на працягу некалькіх гадоў у пустыні дэкадэнцкага мастацтва, Брусаў ужо нудзіўся і хацеў абнаўлення. На шляхах пераадолення эгацэнтрысцкай абмежаванасці дэкадэнцтва... паэт звяртаўся да таго, што сам ён называў «лірычнай эпікай». Другі даследчык зазначыў, што ў 1902 годзе чытаючая Расія бачыла ў Брусаве «лідэра рускага сімвалізму, дэкадэнцкага паэта». Пры гэтым, як і раней, сімвалізм супроцьпастаўляўся «сацыяльнай» паэзіі, да якой быццам бы ішоў Брусаў, пераадольваючы містыцызм, «пяўстойлівасць і туманнасць пачуццяў» сімвалісцкай паэтыкі. Гэта, здаецца, ужо апошняе водгулле ў рускім літаратуразнаўстве міфа пра дэкадэнцтва паэтаў-сімвалістаў пачатку 20-х гадоў.

У свой час нашаніўскае народніцтва не ўнікла гэтай эстэтычнай міфалогіі. Маем на ўвазе спрошчанае тлумачэнне народнасці літаратуры, паводле якога «народным» прызнавалася толькі непасрэднае, «рэалістычнае» адлюстраванне сацыяльнага і прыроднага быцця працоўнага народа, пазбаўленае складанай асацыятыўнасці, вобразнай сімволікі і філасофскай медытацыі, разлічанае на сярэдняга чытача з народа. Лічылася таксама, што «Наша ніва» — выключна народная, сялянская газета, у якой, маўляў, не месца інтэлігенцкай вытанчанасці. Менавіта гэткімі аргументамі карысталіся Ядвігін Ш., А. Паўловіч, а пазней публіцыст Мечыслаў Бабровіч.


1 2 3 4 [5] 6 7 8 9 10 11 12