Пошукі творчай спадчыны Максіма Багдановіча

М. Багдановіч пачаў друкавацца ў 1907 г. («Наша ніва», № 24). Як ужо зазначалася ў папярэдніх артыкулах, пры жыцці паэта была выдадзена толькі адна кніга яго паэтычных твораў «Вянок» (1913) і некалькі публіцыстычных браліур. Усе астатнія творы Максіма Багдановіча былі раскіданы па перыядычных выданнях, шмат матэрыялаў засталося ў рукапісах неапублікаванымі.

У 1918 г. упершыню ўбачылі свет на старонках газеты «Вольная Беларусь» (1918, № 15) артыкул М. Багдановіча аб значэнні народнай творчасці ў развіцці беларускай літаратуры «Забыты шлях» і цыкл вершаў над назваю «На ціхім Дунаю» («Бяседная», «У Максіма на кашулі...», «Як прыйшла я на ток малаціць...», «Хоць і зорачка — ды не вячэрняя...», «А як смерцю Максіма скарал!...»). У № 19 за той жа год у газеце была змешчана балада Максіма Багдановіча «Страцім-лебедзь».

Нямала аўтографаў Максіма Багдановіча сабраў беларускі бібліёграф Рамуальд Зямкевіч. Частку сабраных вершаў паэта ён апублікаваў з аўтографаў над загалоўкам «3 пасмяротных твораў Максіма Багдановіча» ў 1919 г. у віленскім часопісе «Беларускае жыццё». Гэта вершы «Народ, беларускі народ...» (№ 2), «Варажба» («Ужо зніклі — шум дажджа і ветра вой...», № 3) і «Просценькі верш» («Няяркая маленькая вясёлка...», № 4).

У красавіку 1923 г. Інстытут беларускай культуры атрымаў заяву ад бацькі паэта Адама Ягоравіча Багдановіча, у якой ён паведамляў аб сваім намеры перадаць архіў Максіма.

У 1923 г. Адам Ягоравіч здаў у Інстытут беларускай культуры ўсе рукапісы сына, што захаваліся ў яго. Навуковыя работнікі Інстытута беларускай культуры дэталёва вывучылі аўтографы паэта і падрыхтавалі да выдання.

Вынікам чатырохгадовай работы з'явілася выданне двухтомнага акадэмічнага збору твораў паэта (Творы, т. 1—2. Мінск, 1927—1928). У ім былі змешчаны паэтычныя, празаічныя і публіцыстычныя творы Максіма Багдановіча.

Выданне гэта лічылася поўным. На думку складальнікаў, не ўвайшла толькі перапіска паэта і ўспаміны пра яго. 3 гэтых матэрыялаў Літаратурная камісія Інбелкульта меркавала скласці трэці том Твораў М. Багдановіча, які не быў выдадзены.

Пазней выбраныя творы М. Багдановіча неаднаразова выпускаліся масавымі выданнямі. Усе яны груптаваліся на акадэмічным выданні 1927—1928 гг. Творчая спадчына Максіма Багдановіча лічылася сабранай.

На самай справе гэта не зусім так. Частка аўтографаў засталася ў руках прыватных асоб, і многія аказаліся пасля 1920 г. за мяжой. У прыватнасці, за межамі пашай краіны апынуўся і архіў Рамуальда Зямкевіча.

Літаратурнай камісіі Інбелкульта былі невядомы некаторыя публікацыі, зробленыя ў Вільнюсе і Рызе.

Калі публікацыя ў віленскай газеце «Наша будучыня» (1928, № 1) сямі перакладзеных Максімам Багдановічам на беларускую мову вершаў Поля Вердена была ўлічана, дык верша «Беларусь» («Беларусь, Беларусь! Агнём імя тваё мне гарыць...»), апублікаванага ў «Беларускім календары» на 1927 г. (Вільна, 1926), работнікі Інбелкульта не ведалі. Не ведала Літаратурная камісія і публікацыі рыжскай газеты на беларускай мове «Голас беларуса» (1927, № 57), дзе з аўтографаў, узятых з архіва Рамуальда Зямкевіча, упершыню былі надрукаваны вершы М. Багдановіча «Жывая лялечка», «Цяжарная»  («Вечар ціхі, вечар просты...») і «Крытыку» («Дарэмна ловіце вы ў сетку матылька...»).


[1] 2 3 4 5 6 7