Загадка Богдановича

Ўсё дзіка,  пустынна  імшыцца.

Агністая спёка стаіць.

На моху між спелей брушніцы

Лясун  адзінокі  ляжыць.

Каравая моршчыцца скура,

Аброс цёмным мохам, як пень,

Трасе галавою панура,

Бакі выгравае ўвесь дзень.

 

А вадзянік? У той жа танальнасці, тымі ж фарбамі абмаляваны і ён. Тут ужо нават сам ён гаворыць, і не проста гаворыць, а скардзіцца.

 

Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай

I гадамі грэюся — сплю на дне ракі.

Твар травой аблутаны, быццам павуцінай,

Засыпаюць грудзі мне жоўтыя пяскі.

 

«Панура», «дзіка», «пустынна», «адзіно-кі» — вось тыя словы, якімі характарызуе створанае ім царства паэт. Паныласцю і няўклюднасцю патыхае ад яго, і ўсе гэтыя вадзянікі, лесуны — не багі, не бажкі нават, а ахвяры, што знемагаюць пад цяжарам та-го, што павінны несці ў сабе і ўвасабляць. Думкі, думкі, усведамлення сябе саміх і прыроды праз сябе — вось чаго не хапае ім! I гэтая іх туга, іх паныласць — усё ад таго ж. Гэта як бы пакутлівае прадчуванне думкі, няпэўнае жаданне яе і немагчы-масць да яе падняцца. I таму іх лёс — нейкая страшная, жахлівая бяздзейнасць, жывёльнае ў самым сапраўдным значэн-ні гэтага слова існаванне. (Памятаеце вы ва Урубеля карціну «Пан»? Змрок, хмызы, а ў хмызах аброслы, сівы Пан. Чуйна і няў-цямна прыслухоўваецца да нечага. Збоч таямніча, дзіка праразаецца месяц. I такая туга, пакута ў вачах, у якіх вось-вось, здаец-ца, адаб'ецца нешта асэнсаванае і разум-нае.)

Не, паэтызацыі сутыкнення чалавека з прыродай, яднання з ёй якраз і няма ў Баг-дановіча. Калі і ёсць у яго паэтызацыя, дык паэтызацыя таго чалавека, якога хочуць і не могуць «празарэць» вадзянік ці лясун.

Значыцца, чалавек усё ж ёсць? Так, ёсць, але ён не «персанаж» у Багдановіча. Чалавека, па сутнасці, няма, ёсць думка аб ім. I як ні дзіўна, ні парадаксальна — гэта «думка» саміх «бажкоў». Але затое наколькі па-мастацку ўражлівая гэтая думка!

I ні паэтызацыі, ні яднання з прыродай, такім чынам, няма, ёсць страх перад ірацыя-нальным, зусім не дэкадэнцкі страх «рацыя-наліста» Багдановіча.

Як бы двайную задачу вырашае сваімі мі-фалагічнымі вершамі Багдановіч: дападае фантазіяй да змрочнага, хоць і па-свойму паэтычнага свету паганства, да першаасноў вобразнай творчасці і па-філасофску ста-віць, вырашае пытанне аб «законнасці», «благодатности» розуму, таго розуму, з якога знушчаліся і здзекаваліся дэкадэнты, ды ці адны яны толькі!

Бо калі ўжо бараніць Багдановіча ад дэ-кадэнтаў, дык трэба бараніць сур'ёзна, на ўзроўні ягонай думкі. Інакш нам давядзец-ца «абяляць» яго, як гэта  робіць, напрыклад, адзін з даследчыкаў Багдановіча,—тым, што, маўляў, лясун у паэта пададзены на рэалістычным фоне асенняга пейзажу, што «паэт дасягае поўнай злітнасці міфалагічна-га вобраза з асноўным рэалістычным фонам». Дзіва што! Лясун жа сам—прырода!


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 [25] 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44