Яна — выдумка маёй галавы

У сям'і Какуевых Максім Багдановіч знайшоў тое, чаго яму так не хапала ў сваёй сям'і: гасціннасць, утульнасць, дружную кампанію равеснікаў.

Дома Максім заўсёды сядзеў у сваім пакойчыку. Ён даўно ўжо не ведаў матчынай ласкі. Бацька быў заняты сваімі справамі, у мачахі было нямала клопату са сваімі дзецьмі: іх было пяцёра.

У Багдановічаў моладзь ніколі не збіралася. Сямейныя справы бацькі Максіма склаліся такім чынам, што дадому ён ніколі нікога не запрашаў. Жывучы ў бацькі, Максім таксама не меў магчымасці запрашац'ь да сябе таварышаў. Вось ад гэтага аднастайнага жыцця Максім і знайшоў аддушыну ў сям'і Какуевых і Дзябольскіх, дзе збіраліся яго равеснікі. Д. Дзябольскі так і піша:

«У нас Максім знаходзіў тое, чаго яму, відавочна, вельмі не хапала,— утульнасць».

Цеплыня, дружба і бесклапотная весялосць у доме Какуевых і далі фактычны матэрыял для апісання юнацкіх гульняў у вершаваным апавяданні «Вераніка».

Але застаецца яшчэ самае істотнае пытанне: ці існавала Вераніка?

Пачнём з імя. Ці сустракаў Максім Багдановіч дзяўчыну Вераніку?

Звернемся зноў да ўспамінаў бліжэйшага таварыша Максіма Багдановіча Д. Дзябольскага.

«У 1910 г.,— піша Д. Дзябольскі,— з'явілася ў нашай сям'і маленькая чароўная істота, наша першая пляменніца — Вераніка. Для Максіма яна адразу ж стала не менш блізкай, чым для нас усіх. Ён заўсёды размаўляў з ёю, Прынёс вялікі заалагічны атлас з малюнкамі звяроў. Гэтых звяроў яна падоўгу разглядала, седзячы на сваім крэсліку, і, калі прыходзіў Максім, .гаварыла глыбокім шэптам: «Махім прыйшоў». Мая маці расказала неяк Максиму, што вось Вераніка ёй спаць не дае, так рана прачынаецца. 3 гэтага поваду быў напісаны вершык, чатыры радкі якога захаваліся ў маёй памяці, таму што лісток з ім, напісаны Максімам, я хаваў у яго зборніку «Вянок»;

Если, Роночка, ты встанешь спозаранку

Или если спать не будешь по ночам,

Позову я к нам большую «амку»,

Этой «амке» Роночку отдам.

Імя Вераніка Максіму вельмі падабалася. Адсюль пайшла назва яго паэмы «Вераніка». I тады ўжо ён пачаў шукаць і прымячаць у рысах і жэстах дзяўчынкі жаночае і мацярынскае. I ў гэтай паэме яму ўдалося стварыць вобраз дзяўчыны, якая

Зіяючы перада мной

У новай пекнасці жывой,

У той, што з постаццю дзяўчыны

Злівала мацеры чарты.

Пасля сканчэння гімназіі мы сустракаліся вельмі рэдка, таму, відавочна, і запомнілася, як вясною 1912 г. Максам, седзячы ў крэсле-качалцы, расказваў мне аб гэтым хваляваўшым яго вобразе як пра яго, Максіма, адкрыццё і як пра вабячую да сябе загадку».


1 2 3 4 5 [6] 7 8 9 10