А СЭРЦА ЎСЁ ІМКНЕ ДА БАЦЬКАУСКАГА КРАЮ...

Інфармацыя нязнанага Руніча вельмі каштоўная. Не выключана, што ён добра ведаў пра тую паездку паэта. Інфармацыя А. Луцкевіча і Я. Руніча падказала мне лакалізаваць свае пошукі вакол старасвецкага мястэчка Краснае, у асноўным у Маладзечанскім раёне. Зноў у дарогу. Недзе глыбока ў душы я ўжо разумеў і адчуваў, што тая беларуская мясцінка для Багдановіча мела такое ж значэнне, як Болдзіна для А. С. Пушкіна.

Вядома, што паездка паэта была ўзгоднена з завочнымі сябрамі і калегамі, якія яго чакалі і загадзя дамовіліся аб месцы адпачынку. Ведалі ў Вільні і пра хваробу Максіма, а таму выбралі такі куток, дзе было б сухое месца, бор і каб вёсачка мела характэрныя нацыянальныя рысы, словам, дыхала б самой Беларуссю.

Дарогі пошукаў заводзілі мяне ў Раёўку, Альковічы, Абадоўцы. Нехта сказаў, што там жыў Багдановіч. Жыць то жыў, але які? Проста аднафамілец, уладальнік багатага маёнтка ў Альковічах...

Сонца хілілася за гарызонт, калі я ўжо не першы раз вяртаўся праз Краснае ў Маладзечна пасля зноў бясплённых пошукаў. Углядаўся ў заснежана-іскрыстыя пагоркі, за якімі ў заінелай цішыні дрэў раз-пораз праглядваліся хаткі з вячэрнімі дымкамі зімовай  Ракуцёўшчыны. Прыгожы пейзаж вясковай зімы з дзецьмі, санкамі, лыжамі... Кіўнуў бы мне тады хоць хто-небудзь у бок гэтай вёсачкі, і на цэлы год скараціліся б мае пошукі.

Пакуль жа пытаюся ў людзей, учытваюся ў спадчыну паэта і яго бацькі, шукаю звесткі ў Гістарычным архіве Літоўскай ССР, спрабую наладзіць сувязь са старымі дзеячамі беларускай культуры. Многіх з іх не застаю жывымі, а іншыя бездапаможна разводзяць рукамі. Пытаючы старэйшых, не думаў, што і маладзейшыя могунь нешта ведаць. Вось з адным тады яшчэ не знаёмым мне чалавекам я і разгавгрыўся.

—  Максім Багдановіч падпісаў майму бацьку свой «Вянок»: «Пану Антону Навіне на спамін ад аўтара»,— раптам гаворыць мой новы знаёмы.— Я нічога так не шкадаваў, яктую сямейную рэліквію. Ніколі з ёй не разлучаўся. На жаль, злы рок і ліхалецці вырвалі ў мяне тую кніжачку, страціўся аўтарскі «Вянок».

—  Хто скажа, дзе мог жыць Максім Багдановіч летам 1911 года?

Я не паспеў растлумачыць, што ды як, а мой субяседнік — Юрый Антонавіч Луцкевіч, тады яшчэ маладжавы інжынер-будаўнік, тут жа выпаліў — як быццам бы ўсё жыццё чакаў такога пытання:

—  Дык гэта ж Ракуцёўшчына, па суседстве з Красным, там і трэба шукаць сляды паэта. Чуў ад бацькі, што прыязджаў Максім Багдановіч у Вільню па справах выдання свайго першага зборніка, а заадно твар у твар пабачыцца са сваімі завочнымі сябрамі — нашаніўцамі. Ведаў жа іх толькі па перапісцы і патворах. Ды і самім віленчукам хацелася ўбачыць свайго далёкага калегу, запрасіць да сябе ў госці. Якраз браты Луцкевічы і прапанавалі яму адпачыць сярод вяскова-палявых прастораў каля Краснага, на хутарку побач з Ракуцёўшчынай, дзе жыў іх родны дзядзька Вацлаў Лычкоўскі. Гаспадарка ў таго дзядзькі была моцная, жыў ён адзін з сястрой Ядвігай, а гэта гарантавала поўны спакой Максіму. Ну а сама прырода як найлепей спрыяла таму, каб паправіць кволае здароўе юнака. У 1920-х гадах я з бацькам І малодшым братам Лявонам не раз ездзіў туды і прыпамінаю, як сон, тую прыгажосць.

«СерНа» - современная новелла: новеллы современных авторов и классические произведения широко известных писателей.


1 2 3 4 5 [6] 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38